BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

ЕЗ завяршыў ацяпляльны сезон з рэкорднымі запасамі газу

Краіны ЕЗ ужо другі год запар завяршаюць ацяпляльны сезон з рэкорднымі запасамі газу. Ацяпляльны сезон скончыўся 31 сакавіка, і запасы ў сховішчах склалі 58,7%.

Гэта максімальны аб’ём у гісторыі — вышэй, чым год таму, калі еўрапейцы, напалоханыя адключэннем расейскага газу, рэзка скарацілі яго выкарыстанне як у прамысловасці, так і на спажывецкім узроўні. Справіцца з магчымым дэфіцытам дапамаглі дзве цёплыя зімы і радыкальная перабудова сістэмы забеспячэння.

Звадкаваны прыродны газ стаў галоўнай крыніцай прапановы, абагнаўшы трубаправодны, а галоўным пастаўшчыком, які змяніў Расею, сталі ЗША: цяпер яны забяспечваюць амаль палову еўрапейскага імпарту ЗПГ супраць прыкладна чвэрці да пачатку вайны.

Пастаўкі ж у Еўропу ў “Газпрама” склалі ў мінулым годзе 28 млрд куб супраць больш як 150 млрд кубаметраў у даваенным 2021 годзе. З самага вострага моманту энергетычнага крызісу газ у ЕЗ патаннеў амаль у 14 разоў, піша НН.

Кампанія Danone сыходзіць з Беларусі

Апошняя даччынная кампанія Danone ў Беларусі “ДанонБел” падала на ліквідацыю, інфармацыя пра гэта апублікаваная ў часопісе “Юстыцыя Беларусі”, звярнула ўвагу “Медыязона”.

У аднаго з найбуйнейшых сусветных вытворцаў малочных прадуктаў у Беларусі былі тры юрыдычныя асобы: “Данон Шклоў”, якая ў 2022 годзе стала “Мілкстрэйт”, “Данон Пружаны”, якую раней далучылі да “Пружанскага малочнага камбіната”, і “ДанонБел”, якая была апошнім прадстаўніцтвам брэнда Danone ў Беларусі. Першыя дзве — гэта вытворчыя пляцоўкі. Трэцяя — аптовая кампанія, зарэгістраваная ў Менску.

У 2022 годзе Danone заявіў пра сыход з Расеі, але ўстрымліваўся ад каментарыяў пра беларускую частку свайго бізнесу. Danone — французская харчовая кампанія, вытворца малочных ды іншых прадуктаў.

Берасцейскі аэрапорт плануе павялічыць колькасць рэйсаў

У кампаніі “Белавія” абмяркоўваюць магчымыя рэйсы з Берасця ў расейскія гарады Санкт-Пецярбург і Сочы. Цяпер з горада над Бугам ёсць рэгулярныя авіязносіны з Масквой, піша БелТА са спасылкай на генеральнага дырэктара нацыянальнай авіякампаніі Ігара Чаргінца. На першы прамы авіярэйс з Берасця ў маскоўскі аэрапорт Шарамеццева 3 красавіка было выкуплена “каля 86% білетаў”, паведамляе “Белавія”.

Агулам у Беларусі зараз развіваюць авіязносіны з рэгіянальнымі аэрапортамі. Так, з Гомеля лётаюць самалёты ў Маскву, Санкт-Пецярбург і чартары – на егіпецкі курорт Шарм-эль-Шэйх. З Віцебска таксама ёсць рэйсы ў Шарм-эль-Шэйх. З мая з Гомеля, Берасця і Віцебска плануюцца авіяпраграмы ў турэцкую Анталію. З прычыны дрэннага стану ўзлётнай паласы пакуль няма авіярэйсаў з Гародні.

Іншаземцы ў Польшчы сталі больш грошай пераводзіць за мяжу

У мінулым годзе іншаземцы ў Польшчы зарабілі агулам 47 мільярдаў злотых, або амаль 11 мільярдаў еўра.  У параўнанні з 2022 годам даходы замежных працаўнікоў у Польшчы знізіліся амаль на 800 мільёнаў злотых.

У той жа час грашовыя пераводы іншаземцаў, якія жывуць у Польшчы больш працяглы час, за год павялічыліся амаль напалову. Так, летась у другім паўгоддзі сума такіх пераводаў перавысіла два мільярды злотых, паведамляе Нацыянальны банк Польшчы. Пры гэтым грашовыя пераводы ішлі пераважна ва Украіну і Беларусь, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрайцыйнае з адкрытых крыніц.