Фермерская гаспадарка «ЭпонаАгра» ў Гарадзенскай вобласці збірае ўраджай клубніц у адкрытым грунце нават у кастрычніку. Гатунак называецца «Мурана», папулярны сярод кандытараў, бо ягады маюць дасканалую форму. А фермерам падабаецца, што гатунак даволі ўраджайны.

Каштуюць клубніцы не ў сезон ад 18 да 40 рублёў за кілаграм. Прадаюць іх толькі гуртам — як мінімум скрыню. Але, як кажа адна фермерка, усе ягады ўжо забраніраваны, бо напярэдадні Дня маці – ажыятаж, і ягады актыўна замаўлялі майстры-кулінары, каб зрабіць клубніцы ў шакаладзе, піша “Наша Ніва”.
Як падаражэлі яблыкі ў Беларусі за чатыры гады
Цана на яблыкі ў Беларусі з 2021 па 2025 год вырасла ў тры разы. Калі ў 2021 годзе кілаграм каштаваў 2,23 рубля, то сёлета – 6,66 рубля, падлічыў тэлеграм-канал “Вашы грошы”. У гэтым годзе з-за дрэннага надвор’я ўраджай яблыкаў значна ніжэйшы за леташні. Каб пазбегнуць пустых паліц, улады вымушаныя закупляць польскія яблыкі.
У трох буйных прамысловых арганізацыях – новыя кіраўнікі
Новым генеральным дырэктарам ААТ “Белшына” стаў Андрэй Сойка, ААТ “Магілёўхімвалакно” — Алег Курылін, ААТ “Гомсельмаш” — Віталь Шэлег. Іх прызначэнне 13 кастрычніка ўзгадніў Аляксандр Лукашэнка. Паводле інфармацыі дзяржСМІ, новаму кіраўніцтву даручана “разабрацца з праблемамі” ў гэтых прамысловых арганізацыях.
Нобелеўская прэмія па эканоміцы ўручана
Лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па эканоміцы гэтага года сталі Джоэл Мокір, Філіп Агіён і Пітэр Хаўіт, абвясціў Нобелеўскі камітэт. Прэмія была прысуджана Джоэлу Мокіру за тлумачэнне эканамічнага росту, заснаванага на інавацыях. Філіп Агіён і Пітэр Хаўіт атрымалі прэмію за сваю тэорыю ўстойлівага росту праз механізм творчага разбурэння.
Нобелеўская прэмія па эканоміцы, афіцыйна вядомая як Прэмія Шведскага банка па эканамічных навуках у памяць пра Альфрэда Нобеля, з’яўляецца самай маладой з Нобелеўскіх прэмій.
Польскі павільён на EXPO 2025 атрымаў прэстыжную ўзнагароду
Польскі павільён атрымаў узнагароду на сусветнай выставе EXPO 2025 у Асацы (Японія). Ён атрымаў залаты медаль у катэгорыі «самастойна пабудаваныя павільёны плошчай да 1500 квадратных метраў». Другое месца ў гэтай катэгорыі занялі Філіпіны, а трэцяе – Аўстрыя. Архітэктурная форма польскага павільёна, заснаваная на выкарыстанні дрэва, нагадвае вадаварот або спіраль. Па задуме аўтараў, аб’ект павінен атаясамлівацца з распаўсюджваннем хвалі польскай творчасці і інавацыйнасці.
Выстава EXPO 2025 у Асацы завяршае сваю працу. За паўгода яе працы польскі павільён і мерапрыемствы, якія суправаджалі прысутнасць Польшчы на выставе ў Осацы, наведалі больш за мільён сто тысяч гасцей.
Беларускае Радыё Рацыя






