Гадавая інфляцыя ў Беларусі вырасла да 7,3%. Месяцам раней яна складала 7,1%. У параўнанні з траўнем індэкс спажывецкіх цэн склаў 100,9%.

Больш за ўсё цэны за год выраслі на прадукты — на 10,5%, а за месяц — на 1,7%. Гадавая інфляцыя па нехарчовых таварах аказалася на ўзроўні 3,2%. За месяц цэны дадалі ўсяго 0,04%.
У Беларусі актыўна будуюць дзяржаўныя майнінгавыя фермы
Ва ўладаў Беларусі новая ідэя, як папоўніць бюджэт: будаваць і развіваць майнінгавыя фермы, піша dev.by. У сакавіку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ёсць лішак электрычнасці, і распарадзіўся прыцягваць інвестараў і майніць крыптавалюту самастойна. У тым жа месяцы аб развіцці і выдзяленні плошчаў пад будаўніцтва новых майнінгавых фермаў у сваім рэгіёне абвясціў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. А ў пачатку мая дырэктар Белазёрскай ДРЭС Андрэй Лічык расказаў пра планы пашырыць найбуйнейшую майнінгавую ферму краіны магутнасцю ў 105 МВт.
Адваротны бок «дзяржмайнінгу» — дарагая электрычнасць для звычайных спажыўцоў.
Нацбанк працягвае губляць незалежнасць ад урада
Нацыянальны банк Беларусі “фактычна страчвае статус аўтаномнага органа і ўсё ў большай ступені падпарадкоўваецца існым інтарэсам выканаўчай улады”, гаворыцца ў бюлетэні “Экспертны погляд” даследчага цэнтра BEROC.
Аўтар даследавання Анатоль Харытончык канстатаваў, што палітыка Нацбанка адыходзіць ад цэнавай стабільнасці ў бок адміністрацыйнай падтрымкі росту ВУП, што ўзмацняе перагрэў эканомікі, аслабляе інстытуцыйныя асновы развіцця і павялічвае ўразлівасць перад знешнімі шокамі. Аналітык лічыць, што ўлады пакуль яшчэ маюць дастатковыя рэзервы, каб замаскіраваць перакосы ў эканоміцы даволі працяглы час, але ў далейшым павялічыліся шанцы неспрыяльнага развіцца падзей.
Казахстанская кампанія “Пінскдрэва” трапіла пад польскія санкцыі
Зарэгістраваная ў Казахстане кампанія QARTREE LLP трапіла пад санкцыі Польшчы за экспарт расейскай і беларускай фанеры.
Фірма QARTREE LLP была заснаваная ў верасні 2022 года кампаніяй з Расеі. У сваю чаргу, гэтая расійская кампанія належыць, як паведамляецца, “беларускаму гіганту ў сферы вытворчасці мэблі і дрэваапрацоўкі, у тым ліку бярозавай фанеры”. Пад гэтым апісаннем маецца на ўвазе ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”. Як адзначае выданне «Позірк», у першы ж год свайго існавання QARTREE заплаціла ў Казахстане больш за 2 млн долараў ПДВ, наняўшы ўсяго пяць чалавек. Фірма займалася экспартам прадукцыі ў краіны Еўропы — Літву, Латвію, Эстонію, Венгрыю, Балгарыю. Кампанія пастаўляе бярозавую фанеру, а асноўным яе атрымальнікам называецца Польшча. Цяпер яна ўнесеная ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы за экспарт расейскай і беларускай фанеры.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: ViDI Studio/shutterstock.






