Гадавая інфляцыя ў снежні ў Беларусі склала 5,2%. Месячная інфляцыя дасягнула 0,6% пасля 0,3% у лістападзе. Індэкс спажывецкіх цэн на харчовыя тавары ў снежні вырас на 1,4% у параўнанні з лістападам, на нехарчовыя тавары — знізіўся на 0,2%, а тарыфы на паслугі павялічыліся на 0,04%.

Прыгадаем, што летась Нацбанку і ўраду была пастаўлена задача трымаць інфляцыю на ўзроўні, не вышэйшым за шэсць працэнтаў. У адпаведнасці з зацверджанымі прагнознымі паказчыкамі сёлета інфляцыя не павінна перавысіць 5%.
Галоўныя прадпрыемствы Полацка – у складаным фінансавым стане
У Полацку заявілі пра складаны фінансавы стан галоўных прадпрыемстваў. З-за гэтага ў мінулым годзе “не ўдалося забяспечыць паскоранае развіццё прамысловага сектара рэгіёна”. Гаворка пра “асноўныя валаўтваральныя прадпрыемствы, доля якіх у аб’ёмах вытворчасці прамысловай прадукцыі перавышае 48%”. А вось “прадпрыемствы без ведамаснай падпарадкаванасці” павялічылі аб’ёмы прамысловай вытворчасці і знаходзяць новыя рынкі для сваёй прадукцыі.
На сесіі Полацкага раённага савета дэпутатаў старшыня райвыканкама Ігар Марковіч наракаў, што на вынікі эканомікі раёна ўплываюць “знешнія фактары і геапалітычныя праблемы”. Але пакуль ўдалося захаваць “стабільную абстаноўку”, запэўніў чыноўнік, паведамляе «Еўрарадыё».
Кітай адмовіўся прымаць танкеры з нафтай з Расеі — Bloomberg
Тры танкеры, якія перавозяць больш за два мільёны барэляў расейскай нафты, дрэйфуюць у водах на усход ад узбярэжжа Кітая. Гэта пачалося пасля таго, як у пятніцу яны трапілі пад санкцыі ЗША. Таксама назіраюцца праблемы з танкерамі каля ўзбярэжжа Іспаніі.
10 студзеня Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць двух найбуйнейшых экспарцёраў нафты ў Расеі — «Газпромнефти» і «Сургутнефтегаза». З імі, а таксама з дзясяткамі іншых кампаній цяпер забаранілі мець фінансавыя адносіны з выкарыстаннем даляра або амерыканскай фінансавай сістэмы. Санкцыі зноў распаўсюджваюцца на найбуйнейшую расейскую суднаходную кампанію «Совкомфлот». Пад абмежаванне трапілі 183 танкеры пад сцягамі розных краін, якія імаверна перавозяць расейскую нафту і нафтапрадукты ў парушэнне санкцый заходніх краін, піша «Радыё Свабода».
Польшча – у еўрапейскіх лідарах па росце цэн на жыллё
Летась у трэцім квартале цэны на жыллё ў Еўразвязе выраслі на 3,8% у параўнанні з аналагічным перыядам пазамінулага года і на 1,4% у параўнанні з другім кварталам мінулага года, паведаміў «Еўрастат».
Паводле статыстыкі, Польшча апынулася на другім месцы сярод краін Еўразвязу з ростам на 14,4%. Больш высокі паказчык зафіксаваны толькі ў Балгарыі (16,5%), на трэцім месцы – Венгрыя (13,4%). У сваю чаргу зніжэнне цэн на жыллё адбылося ў чатырох краінах: Францыі, Фінляндыі, Люксембургу і Германіі.
Беларускае Радыё Рацыя.






