Польшча застаецца вядучым экспарцёрам сярод краін ЕЗ у Беларусь, нягледзячы на напружаныя двухбаковыя палітычныя адносіны. У апошнія гады Польшча абмежавала беларускі імпарт, але значна павялічыла экспарт у Беларусь, паведамляе партал Money.pl.

Паводле Еўрастата, у 2021 годзе Польшча экспартавала ў Беларусь тавараў і паслуг на 1 млрд 710 млн еўра. Праз год польскі экспарт склаў ужо 1 млрд 820 млн еўра, а ў 2023 годзе – 2 млрд 730 млн еўра.
У экспарце на беларускі рынак пераважаюць транспартныя сродкі, запчасткі, фармацэўтычныя прэпараты, медыцынскае ды іншае абсталяванне.
Абмежаванняў на прыём даляраў не існуе – Галоўчанка
Галоўная фінансавая ўстанова краіны заказала даследаванне ў Акадэміі навук. На яго падставе могуць быць унесены змены ў інструкцыю па прыёме даляраў.
«Пытанне, якое часта сустракаецца, звязана з выяўленнем у ультрафіялетавым спектры нейкіх утварэнняў (цвіль, грыбкі і гэтак далей). Але я неяк вырашыў узяцца за гэтае пытанне, давесці яго да канца. Заказалі навуковае даследаванне ў Акадэміі навук: што ж там усё ж такі свеціцца? І ў цяперашні час мы атрымалі справаздачу, прааналізавалі ўплыў мікраэлементаў або біялагічных структур на захаванасць непасрэдна саміх грашовых знакаў», — расказаў старшыня Нацбанка Раман Галоўчанка і дадаў, што наяўнасць элементаў, якія бачныя толькі ў ультрафіялетавым спектры, не будзе з’яўляцца абмежаваннем для прыёму такіх купюр. Ніякіх абмежаванняў на прыём амерыканскіх даляраў, старога або новага ўзору, так званых сініх або белых, не існуе, — дадаў Галоўчанка.
6% плошчаў паляўнічых угоддзяў бясплатна аддалі Лукашэнку
Агульная плошча паляўнічых угоддзяў у Беларусі складае 17,2 млн гектараў, за 40 гадоў яна скарацілася амаль на 1 млн — за кошт тэрыторый, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе, і асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, дзе паляванне забароненае. Такія даныя прывёў прадстаўнік Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз.
Асноўнымі арандатарамі паляўнічых угоддзяў з’яўляюцца Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (64% агульнай плошчы) і Мінлясгас (18%). Іншымі арандатарамі з’яўляюцца розныя камерцыйныя арганізацыі. Пры гэтым Кіраўніцтву спраў прэзідэнта ў бязвыплатнае карыстанне перадалі каля 6%.
«Гомельскі хімзавод» хоча пастаўляць угнаенні ў Кітай
“Гомельскі хімзавод” хоча пастаўляць угнаенні ў Кітай. Прадпрыемства наведалі прадстаўнікі некалькіх кітайскіх кампаній. Як паведамілі на заводзе, бакі намецілі планы па далейшым развіцці супрацоўніцтва і падрабязна абмеркавалі магчымыя яго фарматы, лагістычныя схемы і аб’ёмы патэнцыйных паставак. Дарэчы ў 2023 годзе завод паспяхова адгрузіў у КНР пробную партыю ўгнаенняў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: belmarket.by.






