BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гандаль расейскай нафтай з Кітаем і Індыяй спыніўся з-за санкцый ЗША, – Reuters

Гандаль расейскай нафтай з адгрузкай у Азіі ў сакавіку спыніўся. Галоўная прычына заключаецца ў тым, што кошт фрахта танкераў, якія не трапілі пад санкцыі ЗША, рэзка прыскокнула, таму што парты Кітая і Індыі пазбягаюць судоў з “чорнага спісу”.

Выданне Reuters піша, што прэмія на сакавіцкую расейскую нафту гатунку ESPO, якая экспартуецца з ціхаакіянскага порта Казьміно, падскочыла да 3-5 даляраў за барэль пасля таго, як стаўкі фрахта для танкера Aframax на гэтым маршруце выраслі на некалькі мільёнаў даляраў.

У Індыі фінансавы дырэктар Bharat Petroleum Corp Ltd паведаміў, што кампанія не атрымала новых прапаноў на пастаўку нафты ў сакавіку, як гэта звычайна бывае, і чакае, што колькасць грузаў, прапанаваных на сакавік, знізіцца ў параўнанні са студзенем і снежнем. Індыя звычайна атрымлівае прапановы на расейскую нафту ў сярэдзіне кожнага месяца.

На долю нафты з РФ прыпала 36% індыйскага і амаль пятая частка кітайскага імпарту ў 2024 годзе.

Па дадзеных аналітычнай кампаніі Kpler, апошнія санкцыі накіраваныя на танкеры, якія перавозяць каля 42% расейскай нафты па моры, у асноўным у Кітай, хаця танкеры, якія трапілі пад санкцыі, паступова дастаўляюць нафту ў Кітай і Індыю, пакуль дзейнічае пераходны перыяд.

Міністр нафты Індыі Панкадж Джайн заявіў, што ЗША дазволілі разгружаць расейскую нафту да 27 лютага. Плацяжы за груз павінны быць праведзены да 12 сакавіка, дадаў ён.

Санкцыі ЗША і забарона, уведзеная ў пачатку месяца кітайскай партовай групай Шаньдун, прывядуць да таго, што нафтаперапрацоўчыя заводы ў правінцыі Шаньдун страцяць да 1 млн барэляў у дзень паставак нафты ў бліжэйшай перспектыве, паведамляе кансалтынгавая кампанія FGE.