Сёлета Германія нарасціла аб´ёмы экспарту шакаладнай прадукцыі ў грашовым вымярэнні. Агулам са студзеня па травень экспарт краіны па таварнай пазіцыі «Шакалад і іншыя гатовыя харчовыя прадукты, якія ўтрымліваюць какаву» склаў 2 мільярды 300 мільёнаў еўра, і гэта на 160 мільёнаў больш, чым летась, піша myfin.by.

Сярод асноўных пакупнікоў нямецкага шакаладу – Францыя, Польшча, Аўстрыя, Вялікабрытанія, Нідэрланды і Бельгія. Аднак экспарт ажыццяўляецца і шматлікія іншыя краіны, у тым ліку ў Расею і Беларусь. Паводле дадзеных нямецкага статыстычнага ведамства, экспарт шакаладу з ФРГ у Беларусь са студзень па травень склаў 370 тысяч еўра.
Калі ўзляціць першы беларускі-расейскі самалёт?
Першыя выпрабаванні сумеснага беларуска-расейскага самалёта «Освей» плануецца правесці ў 2025-2026 гадах. Пра гэта піша выданне «Беларусы і рынак» са спасылкай на словы начальніка ўпраўлення Дзяржваенпрама Дзмітрыя Стэфановіча ў эфіры «Беларусь 1».
– Ужо ёсць дамоўленасць. Падпісана праграма па авіябудаванні з РФ. І парадку 178 самалётаў неабходна ўжо распрацаваць да 2030 года, – адзначыў Стэфановіч.
Шматмэтавы самалёт «Освей» разлічаны на 19 пасажырскіх месцаў. Галоўныя выканаўцы праекту – «Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі» і беларускі «558-ы авіярамонтны завод». Перад імі стаіць задача забяспечыць канкурэнтаздольнасць з замежнымі аналагамі.
Як выглядае сітуацыя ў польскай эканоміцы?
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы апублікавала дадзеныя адносна росту валавога ўнутранага прадукту ў другім квартале. Гэты рост склаў 3,2 працэнта год да года, і гэта перавышае ранейшыя прагнозы. Сярод галоўных гандлёвых партнёраў краіны называюцца Германія, Францыя, Чэхія, Вялікабрытанія і Італія. Агульны тавараабарот у замежных гандлі склаў на канец чэрвеня 4,6 мільярда еўра, піша money.pl.
Паводле экспертаў, на рост ВУП паўплываў у значнай ступені рост прамысловай вытворчасці. Пры гэтым пяць ранейшых кварталаў гэтая вытворчасць наадварот падала. Польскі эканамічны інстытут каментуе, што эканамічны рост у Польшчы – высокі на фоне Еўразвязу. І прыводзіць такія дадзеныя: ВУП Германіі знізіўся на 0,1% года да года, а ва ўсёй зоне еўра вырас на 0,6%. Толькі Іспанія атрымала вынік, набліжаны да польскага. Польшча ўтрымлівае стабільны рост, канстатавалі ў інстытуце.
Маск апярэдзіў Бэзаса ў спісе самых багатых людзей свету
Bloomberg абнавіў штогадовы рэйтынг самых багатых людзей планеты. Не зважаючы на тое, што маёнтак Маска зменшыўся на 8 мільярдаў даляраў, ён па-ранейшаму захоўвае лідарства, заўважае Office Life. У бягучым годзе заснавальнік кампаніі SpaceX і ўласнік сеткі Х Ілан Маск зарабіў 235 мільярдаў даляраў.
На другой пазіцыі – заснавальнік інтэрнэт-кампаніі Amazon.com Джэф Бэзас. Яго капітал складае цяпер 193 мільярды даляраў.
На трэцім радку – сузаснавальнік кампаніі Meta Марк Цукерберг. Яго маёнтак ацэньваецца ў 188 мільярдаў даляраў.
Беларускае Радыё Рацыя






