BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Гэтае падвышэнне эканамічна зразумелае, але сацыяльна балючае”

Кажа эксперт альянсу “Зялёная Беларусь” Уладзіслаў Шумак, які займаўся даследаваннем у сферы ЖКГ.

У Беларусі ўлады ў пачатку сакавіка падвысяць тарыфы на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Спачатку яны збіраліся гэта зрабіць з 1 студзеня, але адклалі на два месяцы. Падвышэнне збіраюцца рабіць за два этапы.

Як кажа Уладзіслаў Шумак, фармальна аргументацыя ўладамі падвышэння тарыфаў нармальная, бо ідзе рост сабекошту паслуг:

– Сітуацыя з падвышэннем тарыфаў выглядае вельмі лагічна з пункту гледжання эканомікі. Але, канешне, зразумела, што яна балючая з сацыяльнага боку. І вось улады гэтым пераносам відавочна спрабуюць трымаць баланс паміж гэтымі дзвюмя рэчамі.

У выніку плацяжы для насельніцтва павінны павялічыцца ў межах 0,5 базавай велічыні (на 22,5%). І гэтае падвышэнне, паводле эксперта, можна назваць сацыяльна апраўданым, бо ў Беларусі доўгі час стрымліваліся тарыфы:

– Тарыфы былі ніжэй нават за сабекошт. Але ёсць, якраз, і другі бок, што рэальныя даходы насельніцтва растуць значна павольней. А ў некаторых людзей яны практычна не растуць. Для пенсіянераў, сем’яў з дзецьмі нават такое абмежаванае падвышэнне будзе адчувальным. І таму сацыяльна гэтае рашэнне выглядае даволі цяжкім, нават калі яно і эканамічна лагічнае.

Як зазначае Уладзіслаў Шумак, рашэнне ўладаў Беларусі пра падвышэнне тарыфаў за паслугі ЖКГ за два этапы – гэта спроба знізіць сацыяльны шок, каб людзі паступова прызвычаіліся да новых лічбаў у “жыроўках”.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя