
Пазыкі сельгаспрадпрыемстваў Гомельскай вобласці за 2023 год выраслі ў два разы. Гэта вынікае з закрытай справаздачы Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама, якую “Люстэрка” атрымала з дапамогай BELPOL. Нагадаем, сёлета Гомельская вобласць, паводле звестак Белстата, — адзін з самых праблемных рэгіёнаў, яго развіццё стрымлівае якраз сельская гаспадарка.
У 2023 годзе запазычанасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гомельскай вобласці павялічылася на 8% – да 3,22 млрд рублёў. З гэтай сумы 921,8 млн. рублёў складаюць пратэрмінаваныя выплаты, што на 14% больш у параўнанні з мінулым годам.
У Мінэнерга назвалі колькасць электрамабіляў у Беларусі
Міністр энергетыкі Аляксей Кушнярэнка падчас сваёй рабочай паездкі ў Гародню расказаў, колькі электрамабіляў эксплуатуюць беларусы і як вырас расход электраэнергіі для гэтага віду транспарту. Паводле яго слоў, цяпер на дарогах краіны знаходзіцца каля 21 тысячы электрамабіляў.
Таксама расце і колькасць гарадскога пасажырскага электратранспарту – сучасных беларускіх электробусаў. Цяпер яны курсіруюць не толькі ў Менску і абласных цэнтрах, але і ў Жодзіне і Шклове. Па словах Кушнарэнкі, яшчэ адзін такі праект знаходзіцца ў прапрацоўцы ў Наваполацку, піша выданне “Беларусы і рынак”.
З першага студзеня вырасце мінімальны заробак
Месячная мінімальная заработная плата з 1 студзеня 2025 года складзе 726 рублёў (213 даляраў па актуальным курсе Нацбанка). Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, паведаміла прэс-служба ўрада.
З 1 студзеня 2024 года мінімалка складае 626 рублёў, на працягу года яна не індэксавалася. Мінімальны заробак вызначае суму, меншую за якую працадаўца не мае права плаціць за працоўную дзейнасць на поўную стаўку.
Ілан Маск валодае маёмасцю на шалёныя грошы
Ілан Маск стаў першым чалавекам у свеце, чыё багацце перавысіла 400 мільярдаў даляраў, перадае Bloomberg. Паводле агенцтва, каталізатарам росту багацця бізнесмена стаў інсайдэрскі продаж акцый SpaceX, у выніку чаго чысты капітал Маска павялічыўся прыкладна на 50 мільярдаў даляраў, перавысіўшы 439 мільярдаў.
Bloomberg таксама адзначае, што ў апошні час капітал Маска рэзка ўзрос на фоне перамогі Дональда Трампа на выбарах прэзідэнта ЗША. Мільярдэр адкрыта падтрымаў кандыдата ад Рэспубліканскай партыі і выступіў спонсарам. У сваю чаргу, Трамп падчас перадвыбарнай кампаніі заяўляў, што спросціць укараненне беспілотных аўтамабіляў і адменіць падатковыя льготы для электрамабіляў, якія дапамагаюць канкурэнтам Tesla. Пасля гэтага акцыі Tesla выраслі прыкладна на 65 працэнтаў. (паводле РС)
Беларускае Радыё Рацыя






