«Гомсельмаш» у заводскай газеце паведаміў пра свежыя даныя, датычныя вытворчасці камбайнаў. «Флагшток» параўнаў рэальнасць з нядаўнімі планамі завода і статыстыкай ранейшых гадоў.

Так, у канцы 2023 кіраўніцтва завода паведаміла, што за год вырабілі 3 013 камбайнаў, таму на наступны 2024 год закладаліся ўжо 3 500. Але сёлета вясной кіраўніцтва заўважыла негатыўныя тэндэнцыі на расійскім рынку і скарэкціравала план да 3300 камбайнаў. Рэальнасць і так аказалася іншай. Па выніках года выпуск камбайнаў не перавысіць 2 100 штук. Праблемы ў завода ўзніклі з прычыны росту ключавой стаўкі ў Расіі, падаражання тэхнікі і нізкага кошту сельгаспрадукцыі.
Пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі «Гомсельмаш» зрабіў стаўку на расійскія праграмы фінансавання і расійскі рынак — летась больш за 80% камбайнаў прадавалася ў РФ.
Беларусь – на другім месцы пастаўшчыкоў калію ў Кітай
Кітай апублікаваў даныя па імпарце калійных угнаенняў за студзень-кастрычнік, піша Myfin.by. Адзначаецца, што сукупны аб’ём імпарту КНР угнаенняў склаў 3 мільярды 130 мільёнаў даляраў.
Найбольшы аб’ём закупак калію ў цэнавым вымярэнні Кітай зрабіў з Расіі — больш як на адзін мільярд даляраў. Беларусь у спісе дзяржаў, з якіх Кітай імпартуе калійныя ўгнаенні, знаходзіцца цяпер на другой пазіцыі. Па выніках 10 месяцаў года КНР завезла беларускага калію на суму, якая перавышае 727 мільёнаў даляраў. На трэцім радку знаходзіцца Канада: імпарт з гэтай дзяржавы склаў больш за 604 мільёны даляраў.
Пры гэтым статыстыка паказала, што ў асобныя месяцы Беларусь займала ў спісе пастаўшчыкоў калію ў КНР і першае месца.
Цэны на каву рэзка ўзляцелі і дасягнулі рэкордаў
Эксперты адзначаюць рост цэн на каву больш чым на 80%. Шматлікія дадзеныя паказваюць, што вырошчванне кававага зерня знаходзіцца пад пагрозай. Прычына – змены клімату. Найбольш сітуацыя тычыцца краін Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі і Азіі, дзе і вырошчваецца самая вялікая колькасць кававага зерня.
Паводле Стакгольмскага інстытута навакольнага асяроддзя, вырошчванне кавы арабікі да 2050 года можа зменшыцца нават на 45%, а кавы рабусты – больш як на 23%. Іншыя дадзеныя, у прыватнасці арганізацыі Fairtrade, сведчаць, што сама плошча плантацый, дзе растуць дрэвы, можа зменшыцца на 30-60% да 2050 года.
Галоўнымі вытворцамі кавы з’яўляюцца Бразілія, В’етнам, Калумбія і Эфіопія. З іх Бразілія і В’етнам разам адказваюць за прыкладна 60% рынку.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: gomselmash.by.