BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Грошы на вецер. Лёс Баранавіцкага баваўнянага аб’яднання

Баранавіцкае баваўнянае аб’яднанне, у якое амаль 30 гадоў улівалі сотні мільёнаў даляраў, перадалі Аршанскаму льнокамбінату.

“Для тысячнага калектыву баранавіцкіх тэкстыльшчыкаў пачаўся адлік новага этапу ў гісторыі прадпрыемства”, — піша раённая газета “Наш край”. Аб’яднанне з аршанцамі калектыву патлумачылі тым, што гэта дапаможа выходзіць адзінай сеткай на знешнія рынкі, пашыраючы асартымент. Маўляў, беларускі хатні тэкстыль не павінен уступіць такім гігантам у вытворчасці аналагічнай прадукцыі як Кітай ды Узбекістан.

Пры гэтым амаль 30 гадоў дзяржава аказала вялікую падтрымку баранавіцкаму баваўнянаму аб’яднанню, якое не магло самастойна выжываць у рынкавых умовах. Камбінат пабудавалі ў 1960 годзе для патрэб усяго СССР. Пасля развалу Саюза ён аказаўся неканкурэнтаздольным. Калі ў 1994 годзе на прадпрыемстве працавалі каля дзевяці тысяч чалавек, то цяпер толькі адна тысяча. Гэтае прадпрыемства тройчы асабіста наведваў Лукашэнка. (паводле “Наша Ніва”)

Raiffeisen Bank прадае сваю маёмасць арабам і сыходзіць з Беларусі

Аўстрыйская група Raiffeisen Bank International AG (RBI) рыхтуецца прадаць сваю маёмасць у Беларусі інвестарам з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, паведамілі ў Прыёрбанку. Аўстрыйскай групе належыць амаль 88 працэнтаў акцый Прыёрбанка ды яго даччыных кампаніях. Пры гэтым банк панясе вялікія матэрыяльныя страты. Яны складуць каля 225 мільёнаў еўра. Прагназуецца, што страты могуць быць значна большымі.

Яшчэ ў траўні мінулага года стала вядома, што Raiffeisen Bank International закрывае карэспандэнцкія рахункі беларускіх банкаў.

Першы выпадак у Беларусі. Аграгарадок цалкам перавялі на электраацяпленне

Гаворка ідзе пра паселішча Вялікі Бор у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Замест звадкаванага газу і цвёрдага паліва для ацяплення і гарачага водазабеспячэння жыхары аграгарадка цяпер выкарыстоўваюць электраэнергію, піша тэлеграм-канал “Моцныя навіны”.

На электраацяпленне перайшлі больш за 240 жыхароў, якія пражываюць у шматкватэрных і прыватных дамах. У студзені электраспажыванне ў аграгарадку склала 386,2 тысячы кілават-гадзін, што ў шэсць разоў перавышае леташні паказчык. Каб рэалізаваць праект па электрыфікацыі ў Вялікім Бары, рэканструявалі каля 19 кіламетраў электрасетак і замянілі састарэлае электратэхнічнае абсталяванне.

Фінансаванне работ па праекце ажыццяўлялася ў межах Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Інфляцыя ў Польшчы запавольваецца

У студзені ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года інфляцыя ў Польшчы склала 3,9 працэнта – сведчаць папярэднія дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення. У снежні гэты паказчык складаў 6,2 працэнта.

Цэны на харчовыя тавары і безалкагольныя напоі года да года выраслі на 4,9 працэнта, на алкагольныя напоі і тытунёвыя вырабы – на 8,8 працэнта. Цэны на транспарт знізіліся на 4,4 працэнта.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: fezbrest.com (адзін з цэхаў Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднання)