BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Грузія забараніла грамадзянам Беларусі рээкспарт аўто і спецтэхнікі

Улады Грузіі з 15 траўня забаранілі грамадзянам Беларусі і Расеі рээкспартаваць аўтамабілі і спецтэхніку праз тэрыторыю краіны, паведамляе партал bm.ge. Увагу на публікацыю звярнуў «Позірк». Адзначаецца, што змяненні закранаюць легкавыя аўтамабілі, бульдозеры, экскаватары, грэйдары, трактары.

Удакладняецца, што рээкспарт транспартных сродкаў у Беларусь і РФ быў забаронены і раней, аднак грамадзяне гэтых краін «маглі афармляць вываз аўтамабіляў з Грузіі ў трэція дзяржавы». Цяпер гэтая магчымасць выключаная. «У РФ звязваюць новыя абмежаванні з журналісцкімі расследаваннямі, у якіх паведамлялася, што Грузія выкарыстоўваецца як транзітны канал для абыходу санкцый. Ва ўрадзе Грузіі неаднаразова абвяргалі такія публікацыі, заяўляючы, што краіна выконвае ўсе абмежаванні», — гаворыцца ў публікацыі.

У аднаго з драйвераў эканомікі – востры дэфіцыт кадраў

У будаўнічай галіне Беларусі – востры дэфіцыт працоўных рук. Кампаніі шукаюць у тым ліку маляроў, мантажнікаў, зваршчыкаў, арматуршчыкаў і бетоншчыкаў – тысячы вакансій адкрыты па ўсёй краіне.  Напрыклад, для маляроў ёсць 1525 працоўных месцаў. Прапанаваныя сумы пачынаюцца з мінімальнай зарплаты на поўную стаўку (цяпер яна складае 727 рублёў) і даходзяць да 5500 рублёў за месяц. Як правіла, у аб’явах паказваюць сумы да выплаты падаткаў, піша “Люстэрка”.

Мантажнік будаўнічых канструкцый – яшчэ адна папулярная ў галіны прафесія (размешчана 507 вакансій). У гэтым выпадку прапанаваная аплата працы на стаўку стартуе ад 726 рублёў і даходзіць да 7000 рублёў.

Для арматуршчыкаў ёсць 359 прапаноў. Будтрэст № 12 “Будтрэст-холдынга” паказаў заробак у 2600-3000 рублёў для спецыяліста 4-5-га разраду.

На ліквідацыю наступстваў замаразкаў вылучылі 60 мільёнаў рублёў

60 мільёнаў рублёў вылучаныя з дзяржбюджэту на ліквідацыю наступстваў вясновых замаразкаў, якія прычынілі шкоду сельскай гаспадарцы. Такія лічбы ў эфіры тэлеканала СТБ назваў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.

Ён паведаміў, што замаразкі пашкодзілі пасевы і сады, у асобных раёнах давялося перасяваць збожжавыя культуры. Пры гэтым чыноўнік запэўніў, што сучасныя агратэхналогіі, распрацаваныя Нацыянальнай акадэміяй навук, дазваляюць атрымаць стабільныя ўраджаі нават пры неспрыяльных умовах надвор’я, піша “Еўрарадыё”.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: onlineleasing.by.