BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гучная справа: як у Расею незаконна везлі элітныя аўтамабілі

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі раскрыў схему транзіту элітных аўтамабіляў у Расею. Справай займаўся Баранавіцкі міжраённы аддзел фінансавых расследаванняў, які спыніў супрацьпраўную дзейнасць камерцыйнай арганізацыі, што займалася рэалізацыяй увезеных з Еўразвязу легкавых аўтамабіляў прэміум-класа.

Камерцыйная арганізацыя праз польскага пасярэдніка набыла ў мінулым годзе 10 элітных аўтамабіляў, якія пазней увезлі на тэрыторыю Беларусі і прадалі грамадзянам і суб’ектам Расейскай Федэрацыі. Пры гэтым у Беларусі машыны афармляліся на падстаўных асоб. Грошы ад продажу машын не адлюстроўваліся ў дакументах, адпаведна падаткі – не выплачваліся. Страты ацэненыя ў 465 тысяч рублёў. Пачата крымінальная справа за ўхіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры.

Расейскі цягнік, які заменіць штадлераўскі, прыбыў у менскае метро

Завод «Метровагонмаш» адправіў у Беларусь першы цягнік метро «Мінск-2024». Ён прызначаны для працы ў менскім метрапалітэне. Гэты рухомы састаў зусім хутка пачне курсіраваць па трэцяй лініі сталічнай падземкі. Да канца года запланавана перадача яшчэ шасці саставаў, піша «Точка».

Вагоны прыбылі ў Менск наўзамен рухомага саставу ад швейцарскага «Штадлера». Раней паведамлялася аб падпісанні «Штадлерам» пагаднення з Менскім метрапалітэнам на пастаўку 19 новых саставаў да 2025 года. Але пазней стала вядома, што паставак са «Штадлера» не будзе, новы кантракт у метрапалітэна заключаны з расейскім прадпрыемствам. Немагчымасць выканаць кантракт з боку «Штадлера» ўлады Беларусі назвалі «адмовай у выніку санкцыйнага ціску».

Французы хацелі зарабіць на Алімпіядзе, але нешта пайшло не так

На Алімпійскія гульні ў Парыж мела прыехаць прынамсі тры мільёны замежных турыстаў. Будзе добра, калі прыедзе хаця б палова, піша “Rzeczpospolita”. Уласнікі гатэляў прызнаюць, што зрабілі памылку, калі істотна паднялі цэны. Цяпер ім даводзіцца цэны зніжаць, каб зменшыць страты. Затое задаволеныя ўласнікі танных начлегаў, яны не маюць праблем.

У той жа час кампанія Air France падлічыла, што яе страты за час Алімпіяды складуць 180 мільёнаў еўра, бо турысты не ляцяць у Парыж, калі толькі не хочуць паглядзець на спартовыя спаборніцтвы. Турыстычная галіна наракае на павышаныя меры бяспекі, абавязак рэгістрацыі ды іншыя абмежаванні, уведзеныя на час Алімпійскіх Гульняў. Таксама не дапамагае надвор’е, інфляцыя і паслявыбарчы краявід у Францыі. Усе фактары разам і прывялі да «катастрафічных эканамічных наступстваў», піша польскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Tokumeigakarinoaoshima.