У студзені 2026 года з Беларусі ў Расею завезлі ўсяго 613 ужываных аўтамабіляў. Пры гэтым кардынальна змянілася і структура машын, якія ўвозяцца, адзначае ў сваім тэлеграм-канале дырэктар Аўтастата Сяргей Цалікаў.

Эксперт нагадвае, што самыя вялікія аб’ёмы ўвозу ужываных аўтамабіляў у Расею праз Беларусь прыпадалі на 2023-2024 гады — 45,4 і 45,9 тыс.адпаведна. У 2025-м аб’ёмы ўвозу ўпалі да 19,1 тыс. штук. У студзені 2026 года беларусы прадалі суседзям усяго 613 машын з прабегам.
Прычынай такога падзення стала падвышэнне ставак утылізацыйнага збору з 1 снежня 2025 года.
Раней кожны пяты ўжываны аўтамабіль, увезены праз Беларусь, быў маркі BMW (20,4%). На другім месцы з вялікім адставаннем ішлі Volkswagen (7,4%) і Chevrolet (7%).
Цяпер у лідары выйшаў Volkswagen (прыкладна 12%), у BMW доля складае каля 11%, замыкае тройку Peugeot (амаль 9,4%).






