BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Іншаземцы кінуліся ўкладваць грошы на дэпазіты ў беларускіх банках

Доля сродкаў замежных грамадзян у тэрміновых і ўмоўных дэпазітах у беларускіх банках за першы квартал года павялічылася амаль на 1 працэнтны пункт, гэта значыць прыкладна на 180 мільёнаў рублёў.

Фота: © Sputnik

Дадзеныя аб дынаміцы ўкладаў насельніцтва прыведзены ў аналітычным аглядзе Нацыянальнага банка “Абследаванне па рэалізацыі банкаўскага прынцыпу “Ведай свайго кліента” за першы квартал года. У Нацбанку не паведамілі, да якой менавіта велічыні вырасла доля фізічных асобаў – нерэзідэнтаў Беларусі, але ў мінулыя гады яна знаходзілася ў межах 2-3 пунктаў і мала мянялася. Гэта значыць прырост за квартал вельмі значны. Чым выкліканы ўсплёск іх цікавасці да размяшчэння сродкаў у беларускіх банках, пакуль невядома.

Нерэзідэнты Беларусі маюць у беларускіх банках і ўклады ў беларускіх рублях, але іх сярэдняя сума ў першым квартале вырасла ўсяго на 1,5% і дасягнула 25,3 млн. рублёў. Гэта азначае, што замежнікі прывялі ў Беларусь валюту. Яны па нейкіх прычынах выбралі для размяшчэння сродкаў беларускія банкі, але не беларускі рубель.

Урад падвысіў парог кошту закупак для прымянення працэдуры запыту цэнавых прапаноў

Калі раней такая працэдура павінна была прымяняцца пры парогавым значэнні арыентыровачнага кошту гадавой патрэбы дзяржаўнай закупкі тавараў і работ, паслуг больш як 300 базавых велічынь, то цяпер ніжні парог павялічаны да 500 базавых велічынь. Верхні парог пры гэтым не мяняўся.

Пастановай таксама ўнесены карэкціроўкі ў іншыя нарматыўныя акты, якія рэгламентуюць правядзенне дзяржаўных закупак. У прыватнасці, фізічныя асобы, уключаючы ІП, не павінны быць звязаны з экстрэмісцкай дзейнасцю, а юрыдычныя асобы, фізічныя асобы (ІП) не павінны знаходзіцца ў спісе арганізацый, фармаванняў або індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, або быць звязанымі з тэрарыстычнай дзейнасцю.

Белстат падвёў вынікі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па роўню жыцця ў першым квартале года

Наяўныя рэсурсы хатняй гаспадаркі склалі 2221 рубель ў месяц, што на 37 рублёў больш, чым у чацвёртым квартале мінулага года. У наяўныя рэсурсы ўваходзяць грашовыя сродкі хатніх гаспадарак, кошт спажытых прадуктаў харчавання, вырабленых у асабістай падсобнай гаспадарцы, за мінусам матэрыяльных затрат на іх вытворчасць і паступіўшых з іншых крыніц без аплаты, і кошт атрыманых у натуральнай форме льгот і выплат.

Сярэднія рэсурсы гарадскіх сем’яў выраслі на 39 рублёў да 2343  ў месяц. Сельскае насельніцтва мела рэсурсы ў 1825 рублёў ў месяц, што на 30 рублёў больш, чым у чацвёртым квартале мінулага года.

Рэсурсы менш за 400 рублёў мела 3% насельніцтва. Трэба адзначыць, што летась Белстат даваў звесткі аб насельніцтве, якое мае рэсурсы менш за 300 рублёў.

У Беларусі зноў даражэе аўтамабільнае паліва

З 28 мая ровень гранічных рознічных цэн на аўтабензіны і дызельнае паліва на АЗС павялічацца на адну капейку. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе “Белнафтахіма”. Гэта другая змена коштаў на аўтамабільнае паліва ў гэтым годзе. Апошні раз цана на паліва змянялася тыдзень таму – 21 траўня.

Тады ў «Белнафтахіме» распавялі, што камісія па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання коштаўтварэння пры Саўміне прыняла рашэнне «аб правядзенні стрыманага паэтапнага падвышэння коштаў на паліва на восем капеек». Змяненне будзе праходзіць штотыдзень з крокам у адну капейку.

Беларускае Радыё Рацыя