BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Іран зацвердзіў пагадненне з Беларуссю аб садзейнічанні ўзаемнаму гандлю

Прэзідэнт Ірана Эбрахім Раісі зацвердзіў пагадненне з Беларуссю аб сістэме садзейнічання ўзаемнаму гандлю, паведаміла мясцовае інфармагенцтва MEHR. Іранскі парламент ратыфікаваў адпаведнае міжурадавае пагадненне ў пачатку снежня. Як заўважае «Позірк», беларускі бок падпісаў гэтае пагадненне яшчэ ў 2019 годзе.

Фота: MEHR (прэзідэнт Ірана Эбрахім Раісі)

Узаемны тавараабарот Беларусі і Ірана па выніках 2022 года перавысіў 100 мільёнаў даляраў – утрая больш, чым за 2021 год. Іранскі пасол Алірэза Санеі падчас паездкі па Віцебскай вобласці ў канцы 2023 года заявіў, што ўзровень узаемнага гандлю паміж краінамі мусіць дасягнуць аднаго мільярда даляраў.

Крызіс на рынку ІТ. Усё яшчэ горш, чым думалі

Апошнія дзесяцігоддзі прафесія інжынера праграмнага забеспячэння лічылася адной з самых надзейных і камфортных, але цяпер упэўненасць такіх спецыялістаў у заўтрашнім дні не такая высокая на фоне спаду ў ІТ-сферы, масавых звальненняў і хуткіх тэмпаў развіцця штучнага інтэлекту. Да такой высновы прыйшлі ў кампаніях Motherboard і Blind, якія ў снежні апыталі амаль 9400 амерыканскіх інжынераў. Прыкладна 9 з 10 рэспандэнтаў адказалі, што знайсці працу стала складаней, чым да пандэміі. Толькі 6% удзельнікаў апытання «цвёрда ўпэўненыя» у тым, што змогуць знайсці такую ж высокааплатную працу, калі раптам страцяць цяперашнюю.

З развіццём штучнага інтэлекту эксперты ўсё часцей выказваюць меркаванне, што айцішныя спецыяльнасці больш нічога не гарантуюць, а таксама, што тэхналогія можа прывесці да зніжэння айцішных заробкаў. Гендырэктар Google Сундар Пічаі летась гаварыў, што інструменты Штучнага інтэлекту на 6% паскорылі працэс напісання кодаў супрацоўнікамі. (devby.io)

МАЗ губляе пазіцыі ў Расеі

Пад ціскам канкурэнтаў беларускі вытворца грузавікоў паступова губляе свой галоўны рынак, піша выданне «Беларусы і рынак».Летась МАЗ павялічыў продажы грузавікоў на расейскім рынку, але разам з тым іх доля на тым жа рынку скарацілася. Так завод прадаў на расейскі рынак 6 тысяч 300 грузавікоў, і гэта амаль на 44 працэнты больш, чым годам раней. Пры гэтым у самой Расеі продажы грузавікоў істотна выраслі, нават на 70 працэнтаў і склалі 144 тысячы грузавікоў. На гэтым фоне продажы менскага завода выглядаюць не такімі высокімі, іх доля на расейскім рынку ўпала з 5,2 працэнта – да 4,4 працэнта.

Беларускія грузавікі ў Расеі адсоўваюць канкурэнты. На гэтым рынку лідыруе расейскі КАМАЗ, на другой пазіцыі – кітайскі Sitrac, на трэцяй – кітайская кампанія SHACMAN.

Беларускае Радыё Рацыя