BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Іран заявіў, што Армузскі праліў застаецца адкрытым

Былы камандуючы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі і сакратар Рады па вызначэнні мэтазгоднасці Мохсен Рэзаі заявіў, што Іран пакуль дазваляе суднам праходзіць праз Армузскі праліў «да далейшага паведамлення». Пра гэта піша Financial Times.

Малюнак: Вікіпедыя.

Разам з тым, паводле яго слоў, амерыканскі вайсковы персанал і аб’екты з’яўляюцца «законнымі мэтамі» для Ірана.

У той жа час суднаходства праз праліў практычна спынілася, асабліва для суднаў пад заходнімі сцягамі. Большасць буйных караблёў сталі на якар ля ўваходу ў праліў пасля таго, як страхавыя кампаніі папярэдзілі пра скасаванне полісаў і павышэнне тарыфаў. Японскія кампаніі Mitsui O.S.K. Lines і NYK Line абвясцілі пра поўнае прыпыненне праходу праз праліў.

Марскі цэнтр бяспекі Амана паведаміў пра атаку на судна паблізу праліва. Нафтавы танкер Skylight пад сцягам Палау быў атакаваны за 8 кіламетраў ад порта Хасаб. Усе 20 членаў экіпажа, у тым ліку пяцёра грамадзян Ірана, былі эвакуяваныя, чацвёра атрымалі раненні. Уладальнік танкера летась быў уключаны ў санкцыйны спіс ЗША за перавозку іранскіх нафтапрадуктаў.

Праз Армузскі праліў штодня праходзіць каля пятай часткі сусветнага спажывання нафты і значная доля глабальнага рынку звадкаванага прыроднага газу.