IT-сектар працягвае цягнуць ВУП Беларусі на дно. Яго адмоўны ўнёсак у мінулым годзе склаў мінус 0,9% (праўда, сёлета фіксуецца зніжэнне адмоўнага ўплыву), піша @devby. ІТ-кампаніі атрымалі летась 1,6 млрд руб прыбытку, што на чатыры працэнты менш у параўнанні з пазамінулым годам. У краіне налічылі 24 стратныя фірмы, якія напрацавалі ў мінус 41 мільён рублёў.

Калі аб’ём замежных інвестыцый у 2022 годзе скараціўся амаль на 30%, то ў 2023 — амаль на 40% ці на 160 мільёнаў даляраў. Агульны аб’ём замежных інвестыцый у ІТ за мінулы год склаў каля 233 мільёнаў даляраў. Інвестыцыі ўпалі фактычна да ўзроўню 2018 года.
Базавая арэндная велічыня вырасце з 1 красавіка
Базавая арэндная велічыня вырасце з 1 красавіка. Яе новы памер складзе 17,76 рублі. Ён устаноўлены пастановай Саўміна нумар 200 ад 21 сакавіка, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Памер стаўкі павялічваецца на 86 капеек. На падставе базавай арэнднай велічыні вызначаецца памер арэнднай платы пры здачы ў арэнду нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, а таксама ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў. Базавая арэндная велічыня не мянялася ў Беларусі з 2019 года.
“Гомсельмаш” пачаў выпускаць у Расеі беспілотныя камбайны
Тамбоўскае прадпрыемства “Тытан” і беларускі “Гомсельмаш” аб’явілі пра запуск у вытворчасць беспілотных камбайнаў “Тытан GS-10 PRO”. Як піша “Коммерсант”, гэта сумесная распрацоўка, а выпускаць тэхніку будуць у Расеі. На вытворчай пляцоўцы “Тытана” наладзяць і выпуск кампанентаў і запчастак. А ў цэлым інвестыцыі ў праект па выпуску новага камбайна ацэньваюцца ў 5 млрд расейскіх рублёў (больш за 54 мільёны даляраў).
Як паведамляецца, новая тэхніка разлічана на буйныя вытворчасці са значнымі аб’ёмамі ўборкі збожжавых. У такіх камбайнах будзе ўстаноўлена “сістэма паралельнага ваджэння”, якая павінна забяспечыць роўны праход па полі, а таксама сістэма аддаленага маніторынгу расходу паліва.
Расейскі экспарт зброі ўпаў на 53 працэнты
У апошнія гады значна вырас экспарт зброі з ЗША і Францыі, у сваю чаргу зменшыліся продажы прадукцыі расейскага ВПК. Такія дадзеныя вынікаюць з аналізу сусветнага рынку ўзбраення, праведзенага Стакгольмскім інстытутам даследавання праблем міру, паведамляе партал Defence24.pl.
У 2019-2023 гадах 55% вайсковай тэхнікі, імпартаванай у краіны Еўропы, паступала са ЗША. Для параўнання, у 2014-2018 гадах гэты паказчык складаў 35%. У той жа час на Еўропу ў цяперашні час прыходзіцца траціна сусветнага экспарту ўзбраенняў. Французскі экспарт зброі таксама расце – у параўнанні з 2014-2018 гадамі, ён павялічыўся на 47%. Парыж упершыню стаў другім у свеце экспарцёрам зброі, заняўшы месца Расеі. Французы прадаюць зброю і тэхніку пераважна ў краіны Азіі і Акіяніі і на Блізкі Усход У апошнія гады самым буйным кліентам французскага ВПК стала Індыя. Лідарскія пазіцыі страціла Расея, экспарт зброі якой упаў на 53% у параўнанні з 2014-2018 гадамі. (polskieradio.pl)
Беларускае Радыё Рацыя





