Госць Радыё Рацыя — прадстаўнік ініцыятывы “Белпол” Уладзімір Жыгар. У сённяшняй гутарцы ён распавядае пра цыкл расследванняў пра вядомае беларускае прадпрыемства “Белаз”. У прыватнасці пра тое, як падсанкцыйныя самазвалы перепрадаюцца ў Еўропу. Размаўляе з ім наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.

РР: Я ведаю што “Белпол” прысвячае шмат часу і ўвагі “Белазу”, гэтаму прадпрыемству, яго ролі ў дзейнасці Лукашэнкі і яго сямейства, але мне падаецца, што для нашых слухачоў і чытачоў будзе цікавая такая галіна, як Еўропа, і тое, што гэта тэхніка пастаўляецца ў Еўропу. Папрашу вас пералічыць, у якія краіны Еўропы пад выглядам іншай тэхнікі пастаўляецца “Белаз”.
Уладзімір Жыгар: “Белпол” доўгі час працаваў з інфармацыяй, якую нам прадстаўлялі нашы крыніцы з Беларусі наконт “Белаза”. Нашы тры матэрыялы датычыліся карупцыйнага складніку, як сям’я Лукашэнкі зарабляе на гэтым. І чацвёрты матэрыял быў прысвечаны менавіта дзеянню санкцый, метаду абыходу санкцый і як такі яркі прыклад абыходу санкцый. Мы апісвалі схему паставак тэхнікі ў еўрапейскія сталіцы. Калі быць больш дакладнымі, то ў Польшчу і Балгарыю.
Калі казаць пра схемы, то іх такі падмурак дастаткова аднатыпны. Але ў некаторых дэталях выкарыстоўваюцца розныя фірмы. Калі казаць пра Польшчу, то схема вельмі простая – па паперах тэхніка “Белаз” прадаецца непадсанкцыйнаму прадпрыемству, якое з’яўляецца фірмай-“пракладкай”. Там тэхніка “Белаз” разбіраецца на вузлы, і пасля чаго гэтыя вузлы пастаўляюцца ў Польшчу, дзе тэхніка збіраецца зноўку, ставіцца рухавік унутранага згарання еўрапейскага ўзору і замест надпісу “Белаз” вешаецца назва “Кронас”. Далей гэты “Кронас” прадаецца па ўсёй Еўропе.
Прыязджаюць за разабраным “Белазам” выключна ў Жодзіна, забіраюць яго адтуль, прывозяць яго ў Польшчу, збіраюць і прадаюць. Усё адно праца з падсанкцыйным прадпрыемствам “Белаз”. Нават візуальна ўсе гэтыя “Кронасы” польскія – тыя ж самыя “Белазы”, як з выгляду, так і па сваіх тэхнічных характарыстыках.
Калі казаць пра Балгарыю, то там схема дакладна такая ж, выкарыстоўваецца кампанія “Лідсельмаш”, але самае галоўнае ў гэтай схеме і схеме польскай – гэта прынцып, які прапісаны ў шматлікіх дакладах кіраўніцтва “Белаза”, – гэта поўнае знішчэнне любых атаясамленняў з Беларуссю ці з “Белазам”. То бок прыбіраюцца ўсе назвы “Белаз” на расейскай, беларускай, ангельскай і назва “Беларусь” з усіх вузлоў, каробак, нават він-нумары прыбіраюцца. І гэта становіцца проста нікому невядомымі вузламі ад нейкага самазвала, трактара. І пасля гэтага непадсанкцыйныя вузлы прыязджаюць у Еўропу, дзе іх збіраюць.
РР: Гэтая аперацыя адбываецца ў Беларусі. То бок яшчэ на заводзе “Белаз” прыбіраюць усе дадзеныя?
Уладзімір Жыгар: Так. Гэта поўнасцю ўсё прапісана ў дакладах, як абыходзіць санкцыі. Першае, выкарыстоўваюць непадсанкцыйныя кампаніі і “пракладкі”, пасля прыбіраць усе надпісы, якія могуць атаясамліваць дадзеныя вузлы з Жодзіна. Далей, калі казаць пра дальнія краіны, выкарыстоўваць караблі, парты, якія не падтрымліваюць санкцыйныя абмежаванні адносна беларускіх прадпрыемстваў, то бок там комплекс вызначанага парадку па транспарціроўцы, дастаўцы грузаў. Там ёсць меры па вяртанні грашовых сродкаў за пастаўлены тавар і г.д.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Прадстаўнікі ініцыятывы ўжо сустракаліся з еўрапейскімі чыноўнікамі розных роўняў. Ім была пададзена ўся неабходная інфармацыя пра схемы абыходу санкцый. Цяпер чакаецца адпаведная рэакцыя з боку ўладаў краін ЕЗ.
Беларускае Радыё Рацыя






