Тэрмінал для перавалкі беларускіх грузаў пад Мурманскам будуецца ў адпаведнасці з графікам, паведаміў губернатар Мурманскай вобласці Андрэй Чыбіс падчас дакладу Пуціну, піша выданне «Беларусы і рынак». Чыбіс дадаў, што беларускі бок стварыў даччыную кампанію і атрымаў зямельныя ўчасткі.
Cёлета ў красавіку ўлады Мурманскай вобласці і заснаванае беларускімі інвестарамі ААТ „Марскі тэрмінал «Вароты Арктыкі»“ падпісалі пагадненне пра будаўніцтва тэрмінала для перавалкі беларускіх грузаў. Гендырэктар тэрмінала Андрэй Бунакоў паведамляў журналістаў, што для будаўніцтва порта прыцягнуты прыватны капітал. Аб’ёмы перавалкі грузаў плануюцца на ўзроўні 25-30 мільёнаў тон у год, а першыя грузы павінны паступіць да 2028 года. Гэта маюць быць і сыпучыя грузы, і нафтапрадукты. Кошт праекту Бунакоў не назваў, бо «гаварыць пра гэта яшчэ рана».
Больш за 1 мільён даляраў канфіскавалі на мяжы з пачатку года
Берасцейская мытня выявіла ў бягучым годзе каля 115 фактаў незаконнага перамяшчэння праз беларуска-польскую мяжу наяўных грошай на агульную суму больш за 1 мільён даляраў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі. Так, днямі ў пункце пропуску «Брэст» беларус спрабаваў вывезці ў Польшчу больш за 88 тысяч даляраў, падзяліўшы іх паміж пасажырамі свайго аўтамабіля.
Ведамства нагадвае, што за правоз незадэклараваных грашовых сродкаў, памер якіх перавышае ў эквіваленце 30 тысяч даляраў, прадугледжана крымінальная адказнасць у выглядзе штрафу, абмежавання або нават пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў. Сёлета толькі Берасцейская мытня пачала шэсць такіх крымінальных спраў.
У Беларусі набірае папулярнасць махлярская схема Fake boss
Зламыснікі ўсё часцей сталі выкарыстоўваць схему падману Fake boss, паведамляе Следчы камітэт. Схема выглядае наступным чынам: зламыснікі збіраюць інфармацыю пра арганізацыю і кіраўніка, потым ствараюць ад яго імя фэйкавы ўліковы запіс і ўступаюць у перапіску з падначаленымі. Каб стварыць гукавое паведамленне ад кіраўніка, выкарыстоўваецца штучны інтэлект або зламыснікі тэлефануюць з выкарыстаннем тэхналогіі змянення голасу. Фінальная мэта – атрымаць доступ да банкаўскіх рахункаў ахвяры або пераканаць яе пералічыць грошы.
Часцей за ўсё тэлефануюць работнікам са сферы адукацыі і аховы здароўя, але сярод пацярпелых ёсць і прадстаўнікі іншых сфер. (Office Life)
Беларускае Радыё Рацыя