Колькі Кітай плаціць за імпарт мяса з Беларусі – паглядзім на лічбы разам з выданнем myfin.by. Галоўнае мытнае ўпраўленне Кітайскай Народнай Рэспублікі апублікавала статыстыку аб закупках мяса і мясной прадукцыі з Беларусі. Дык вось, выходзіць што за 11 месяцаў мінулага года Кітай імпартаваў беларускай мясной прадукцыі на амаль 388 мільёнаў даляраў. Найбольш мяса птушкі.

Але Беларусь – не лідар у пастаўках мяса ў Кітай. Можа і нечакана, але ключавым пастаўшчыком птушынага мяса ў Кітай з’яўляецца Бразілія. Далей ідуць ЗША, Тайланд, Расея і толькі на пятым месцы Беларусь. Па пастаўках ялавічыны Беларусь месціцца на восьмай пазіцыі, а на першым месцы ўсё тая ж Бразілія.
Лукашэнка заявіў пра «шалёную чаргу» за аўтамабілямі Geely
Пра «шалёную чаргу» з ахвотных набыць кітайскія легкавыя аўтамабілі беларускай зборкі Geely заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 студзеня падчас рабочай паездкі ў Барысаўскі раён і наведвання завода «БелДжы». Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі вырабляюць грузавікі, самазвалы, аўтобусы, але «менш развітая» вытворчасць легкавых аўтамабіляў. «Урада задача і міністра – кроў з носу задаволіць гэты попыт. Трэба, наколькі гэта магчыма, павялічваць вытворчасць легкавога транспарту», – падкрэсліў Лукашэнка. І паабяцаў, што некалі і мы выйдзем на вытворчасць уласнага беларускага якаснага аўтамабіля. Праўда, кітайцы ўсё ж мусяць нам дапамагчы.
Што ж тычыцца кітайскіх аўтамабіляў Geely, то попыт на іх сапраўды расце. Так, толькі за снежань прадалі гэтых машын беларускай зборкі больш за дзве тысячы. Агульная доля Geely на рынку новых машын у снежні перавысіла 71 працэнт.
Фінансавы тыдзень у Польшчы прайшоў напружана
Польскі Сейм прыняў праект дзяржаўнага бюджэту на 2024 год, на наступным тыдні праектам зоймецца вышэйшая палата парламента – Сенат. Пасля гэтага дакумент мае падпісаць прэзідэнт краіны Анджэй Дуда. Бюджэт закладае даходы ў 682 мільярды злотых, а расходы ў 866 мільярдаў злотых. Плануецца, што дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту не павінен перавысіць 184 мільярдаў злотых. Прыняцце праекту дзяржаўнага бюджэту праходзіла на фоне вострых палітычных дыскусій у Сейме і ўнутры краіны.
А што з прыняццем еўра ў Польшчы? Журналісты Business Insider Polska запыталі пра гэта ў Міністра фінансаў Анджэя Даманьскага. Той адказаў, што некалі і Польшча будзе мець еўрапейскую валюту, але не хутка. «Бяспечны пераход на еўрапейскую валюту патрабуе адпаведнага ўзроўню каардынацыі і падрыхтоўкі гаспадаркі на абмежаванні, звязаныя з увядзеннем еўра, асабліва гэта тычыцца грашовай палітыкі», – зазначыў міністр. На гэты час, падкрэсліў ён, Польшча на прыняцце еўра не гатова.
Працягваецца крызіс у Чырвоным моры
Суднаўладальнікі, брокеры і трэйдары канстатуюць, што ўся большая колькасць танкераў з сырой нафтай выбіраюць маршрут у абыход Чырвонага мора. Так, на гэтым тыдні ўжо стала вядома, што брытанская нафтагазавая кампанія Shell на нявызначаны тэрмін прыпыніла ўсе перавозкі праз Чырвонае мора. Акрамя таго, танкеры, якія раней наймаліся для плавання ў Еўропу, зараз ідуць у Азію. Паралельна з гэтым выраслі стаўкі на танкеры, якія перавозяць сырую нафту. У некаторых кампаній кошты выраслі больш як удвая.
У чым прычына крызісу і росту цэн? Кошт перавозак з Азіі ў Еўропу рэзка вырас у пачатку студзеня з-за нападаў хусітаў на судны ў Чырвоным моры. Пасля таго як у адказ ЗША нанеслі ўдары па аб’ектах хусітаў у Емене, цэны на нафту пачалі расці. А калі даражэе нафта на сусветных рынках, гэта адчуваюць ва ўсім свеце.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя