Еўракамісія хоча ўвесці пошліны на астатнія сельгаставары і ўгнаенні з Расеі і Беларусі, якія цяпер займаюць 15% імпарту ў Еўразвяз. Частку пазіцый ЕЗ абклаў пошлінамі ў 2024 годзе.

Палітыкі прапануюць увесці пошліну 50% на сельскагаспадарчыя тавары і паступова падвышаць тарыфы на ўгнаенні — пачынаючы з 40 ці 45 еўра за тону (у залежнасці ад тыпу ўгнаення) і даводзячы іх да 315 ці 430 еўра за тону праз тры гады пасля ўвядзення новых абмежаванняў. Чакаецца, што іх прымуць да трэцяй гадавіны расейскай агрэсіі ва Украіне. Такім чынам Еўракамісія хоча знізіць залежнасць ад імпарту з Расеі і Беларусі.
Як абмежаванні ўдараць па Беларусі? У 2023 годзе Беларусь экспартавала ў Еўразвяз сельгаспрадукцыі на 92 млн еўра і ўгнаенняў амаль на 30 млн еўра. Адпаведна, гэты экспарт краіна можа страціць.
Улады Беларусі выкарыстоўваюць ШІ у якасці памочніка
На “сённяшнім узроўні разумення” тэхналогіі павінны прымяняцца для “стандартызаваных, строга рэгламентаваных працэсаў, але не для прыняцця складаных рашэнняў пра жыццё чалавека”, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 31 студзеня на IT-форуме Digital Almaty у Казахстане.
“Гэта значыць штучны інтэлект можа працаваць паўнавартасна і самастойна ў галіне стандартызаваных працэсаў, для ўсяго астатняга штучны інтэлект у нашым разуменні — гэта памочнік для прыняцця рашэнняў. Але пакуль мы не бачым магчымасці дапусціць сістэму для прыняцця рашэнняў самастойна”, — сказаў чыноўнік. Адным са стандартызаваных працэсаў, у якім улады Беларусі прымяняюць ШІ, Галоўчанка назваў нарматворчасць, то бок ШІ дапамагае сістэматызаваць і дубляваць дакументы, таксама ШІ выкарыстоўваюцца ў сельскагаспадарчай і горназдабыўной тэхніцы МТЗ, БелАЗ, “Гомсельмаш” ды ў іншых галінах, такіх як біятэхналогія, фармакалогія і так далей.
Як выглядае ІТ-сектар Беларусі
Devby.io паглядзеў, як выглядае ІТ-сектар на фоне астатніх галін па выніках мінулага года. Па ўзроўні заробкаў ІТ-сектар ужо каторы год недасягальны для астатніх сектараў эканомікі. Сярэдні заробак у ІТ (да выплаты падаткаў) стаў рэкордным за апошнія 5+ гадоў (хутчэй за ўсё, гэта гістарычны рэкорд) і склаў 9494,6 рубля. Сысці ў яшчэ большы адрыў галіне дапамаглі, верагодна, гадавыя бонусы і рост курса даляра.
Толькі летам мінулага года ІТ-галіна перастала тармазіць эканоміку ўпершыню за два гады. А па выніках усяго 2024 года станоўчы ўнёсак ІКТ-сектара ў тэмп росту ВУП выявіўся крыху вышэйшым за нуль. Гэта апошняе месца сярод асноўных відаў дзейнасці, але з кожным месяцам сітуацыя паляпшаецца. Прыгадаем, што ІТ-сектар зведаў крызіс пасля 2020 года, рэлакацыі кампаній і спецыялістаў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: rbc.






