У студзені аб’ём прамысловай вытворчасці ў бягучых цэнах склаў 16,5 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах – 102,9% да студзеня мінулага года. Такія звесткі прадставіў Белстат.

Самы высокі рост год да года паказала апрацоўчая прамысловасць. Рост зафіксавалі і ў горназдабыўной прамысловасці. Калі глядзець па рэгіёнах, то самы высокі прырост прамысловай вытворчасці зафіксавалі ў Менску – плюс 17,5% год да года. Следам ідзе Менская вобласць – плюс 12,5%. У плюс спрацавалі таксама Магілёўская (рост на 0,7 працэнта), Гомельская (на 1,1 працэнта) і Берасцейская вобласці (на 4,3 працэнта). Пры гэтым у Віцебскай і Гарадзенскай абласцях паказчыкі былі значна ніжэйшымі, піша Office Life.
Колькі гадоў стажу трэба для пенсіі па ўзросце?
Для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросце на агульных падставах у Беларусі неабходна наяўнасць мінімальнага стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў. У Беларусі агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост для мужчын складае 63 гады, для жанчын – 58 гадоў.
Права на пенсію па ўзросце цяпер маюць жанчыны пры агульным стажы не менш як 20 гадоў і мужчыны – пры агульным стажы не менш як 25 гадоў. Пры гэтым трэба разумець, што важнай умовай для атрымання пенсіі з’яўляецца менавіта страхавы стаж. У яго не залічваюцца перыяды іншай грамадска карыснай дзейнасці – гэта перыяды догляду за малалетнімі дзецьмі, навучання, догляду за дзіцем-інвалідам і гэтак далей. Гэтыя перыяды не ўключаюцца ў страхавы стаж, але ўваходзяць у агульны стаж, які ў далейшым уплывае на памер пенсіі, прыгадвае myfin.by.
Стала вядома, як за год выраслі грашовыя даходы беларусаў
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі абнародаваў інфармацыю па змяненні роўню грашовых даходаў насельніцтва краіны ў 2024 годзе. Паводле гэтай інфармацыі, грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся на 9,7% у параўнанні з роўнем папярэдняга года. Пад рэальнымі грашовымі даходамі разумеюцца грашовыя даходы за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі.
У Варшаве будуюць «крэпасць» для мільянераў
У варшаўскім Урсынаве пачалося будаўніцтва эксклюзіўнага жылога дома Rawelin 8, які адсылае да ваеннай гісторыі форта VIII. Новабудоўля, якая нагадвае неіснуючы равелін, прапануе 15 элітных кватэр для самых патрабавальных кліентаў. Цэны могуць вагацца ад 25 да 45 тысяч злотых за квадратны метр — паведамляе партал Halo Ursynów.
Новы комплекс чэрпае натхненне са страчанага форта, трохкутнага ўмацавання, якое калісьці займала гэтае месца. Архітэктары, абапіраючыся на дакументы, знойдзеныя ў расейскіх архівах, а таксама на выяўленыя падчас даследаванняў цэглу і каменную пліту, узнавілі гістарычныя памеры комплексу. Кватэры будуць прасторнымі – самыя маленькія па 150 квадратных метраў. Усе кватэры двуроўневыя, а адна з іх, размешчаная ў «артылерыйскай вежы», будзе трохпавярховай.
Беларускае Радыё Рацыя






