
Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў расказаў аб планах рэфінансавання дзяржаўнага доўгу ў 2025 годзе. Агульная сума выплат у наступным годзе складае 10 мільярдаў беларускіх рублёў. Паводле чыноўніка, каля 800 млн даляраў урад спадзяецца знайсці ў Беларусі. 300 млн з гэтай сумы складуць запазычанні, а каля 500 млн даляраў – «вяртанне» ад рэальнага сектара па раней прафінансаваных праектах. Таксама ўрад разлічвае на расейскі рынак капіталу, дзе хочуць знайсці каля 1 млрд беларускіх рублёў.
Галоўчанка не выключыў будаўніцтва другога цэлюлознага камбіната
“Мы зараз плануем стварэнне новых вытворчасцяў па дрэваапрацоўцы, магчыма, другі цэлюлозны камбінат з’явіцца ў Беларусі. І глыбокая перапрацоўка драўніны: адразу некалькі праектаў па вытворчасці новых, у тым ліку інавацыйных, вырабаў з дрэва”, — заявіў дзяржСМІ прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
Дарэчы, у Беларусі дзейнічае адзін вытворца цэлюлозы — ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат” (Гомельская вобласць). Камбінат пачаў працу ў 1968 годзе. У 2010 годзе быў падпісаны кантракт з кітайскай кампаніяй CAMCE на будаўніцтва завода сульфатнай беленай цэлюлозы на яго базе пераважна на кітайскі крэдыт. Хоць пазней з кітайцамі развіталіся. Жыхары пастаянна скардзяцца на смурод. Сам камбінат стаў стратным, у 2010 годзе не менш як тры рабочыя загінулі з-за двух надзвычайных здарэнняў на заводзе, яшчэ трое — ад выбуху ў адным з цэхаў камбіната 7 чэрвеня мінулага года. (паводле «Позірк»)
Тры гарады Беларусі першымі пяройдуць на электробусы
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале з’явілася пастанова Савета міністраў Беларусі, якая зацвярджае праграму і тэрміны рэалізацыі пілотнага праекта па забеспячэнні Наваполацка электратранспартам. У дакуменце гаворыцца: «Рэалізаваць у 2024—2025 гадах пілотны праект па забеспячэнні электратранспартам г. Наваполацка з развіццём зараднай інфраструктуры». У межах праекта будуць пабудаваныя тры зарадныя станцыі.
Раней паведамлялася, што Жодзіна (Менская вобласць) і Шклоў (Магілёўская вобласць) пяройдуць на электробусы першымі ў краіне, і гэта павінна адбыцца да 2025 года. Шклоў, родны горад Лукашэнкі, ужо стаў першым населеным пунктам, які атрымаў адразу 15 новых электробусаў. (НН)
Чаму расейцы масава едуць на Новы год у Беларусь?
Эксперты зазначаюць, што за апошнія гады колькасць расейскіх турыстаў у Беларусь толькі расце. Прэзідэнт Уральскай асацыяцыі турызму Міхаіл Мальцаў тлумачыць: “Беларусь заўсёды з’яўлялася напрамкам папулярным, і асабліва актуальнай яна стала ў апошнія гады, калі для нас фактычна закрыты краіны ЕЗ. А ёсць патрэба ў Еўропе, еўрапейскай архітэктуры, атмасферы». Акрамя еўрапейскіх вуліц і замкаў, Мальцаў назваў сярод плюсаў адсутнасць моўнага бар’еру, камфортны кошт паездкі, бяспеку і добрае стаўленне да турыстаў. Рэсурс Ura.news асабліва рэкамендуе турыстам з Расеі наведаць Менск, Віцебск, Гародню, Берасце, Мір, Нясвіж і Ліду. («Беларусы і рынак»)
Беларускае Радыё Рацыя






