BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як растуць цэны на прадукты харчавання ў свеце

Сёлета рост цэн на прадукты харчавання ў розных краінах свету будзе моцна розніцца. У некаторых эканоміках харчовая інфляцыя можа дасягаць дзясяткаў працэнтаў, тады як у іншых краінах цэны будуць расці значна павольней. Пра гэта сведчаць прагнозы харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO), якія ахопліваюць каля 160 дзяржаў, піша belsat.eu.

xr:d:DAE56YomjKM:1008,j:32724650697,t:22081207

Паводле ацэнкі арганізацыі, у сярэднім па свеце цэны на прадукты ў гэтым годзе могуць вырасці ў сярэднім на 3,2%. Самы высокі паказчык прагназуецца ў Іране, дзе прадукты могуць падаражэць на 49,1% у параўнанні з мінулым годам. На другім месцы – Аргенціна, дзе цэны на прадукты могуць вырасці на 34,9%, а на трэцім – Турцыя з прагназаваным ростам 31,4 %. Згодна з інтэрактыўнай картай FAO, у Беларусі цэны на прадукты могуць павялічыцца на 8,6%, у Польшчы прагназуецца рост прыкладна на 3,1%.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі сталі расці павольней

За люты золатавалютныя рэзервы (ЗВР) Беларусі павялічыліся на 665,4 млн даляраў. Паводле інфармацыі Нацбанка, па стане на 1 сакавіка яны склалі 16,4 млрд даляраў. У параўнанні са студзенем тэмпы росту ЗВР запаволіліся. Тады за месяц яны дадалі амаль удвая больш — 1,3 млрд даляраў. Рост ЗВР па-ранейшаму забяспечвае павелічэнне цэн на манетарнае золата.

Пастаўкі нафты па “Дружбе” бліжэйшым часам не адновяцца

Украіна паведаміла Славакіі, што аднаўлення паставак нафты праз нафтавод «Дружба» бліжэйшыя дні – не чакаецца, а чарговая інфармацыя павінна быць прадастаўлена ў пятніцу, піша Reuters са спасылкай на Міністэрства эканомікі Славакіі.

Пастаўкі па нафтаводзе “Дружба” былі спыненыя ў канцы студзеня. Славакія і Венгрыя абвінавачваюць Украіну ў сабатаванні аднаўлення паставак. Украіна заяўляла, што нафтавод быў пашкоджаны пры расейскім нападзе. Украіна адмаўляе наўмыснае зацягванне рамонту “Дружбы”, піша выданне “Беларусы і рынак”.

Тэхнабанк зноў будзе выплачваць Tax Free па чэках Global Blue

У Тэхнабанку аднаўляюць вяртанне ПДВ па чэках Global Blue. Пра гэта банк паведаміў у лісце кліентам сэрвісу, піша Onliner. Тэхнабанк напісаў карыстальнікам, што сэрвіс ужо аднавілі. І падарожнікі могуць атрымліваць вяртанне падатку Tax Free у аддзяленнях банка. Таксама даступнае вяртанне на банкаўскую картку, гатоўкай у аэрапорце або пры наступнай паездцы ў краіны Еўразвязу праз пункты абслугоўвання Global Blue.

Нагадаем, з кастрычніка 2025 года сістэма Global Blue часова прыпыняла вяртанне ПДВ па сваіх чэках у аддзяленнях Тэхнабанка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: Shutterstock/Stokkete.