BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як выглядае тавараабарот Беларусі з краінамі Захаду?

“З асобнымі краінамі захаду наш гандлёвы абарот ⟨…⟩ павялічыўся, хаця ў цэлым, вядома, з Еўрапейскім Звязам з прычыны санкцый асеў”, — заявіў член пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, праўладны прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры “Альфа-Радыё”. Паводле яго сцвярджэння, Менск захоўвае кантакты ў ЕЗ “і з палітычнымі коламі, і з дзелавымі”.

Раней старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў заяўляў, што звесткі аб гандлі з Беларуссю нібыта просяць не раскрываць еўрапейскія партнёры. Падрабязныя звесткі аб экспарце Белстат не публікуе з 2021 года, піша агенцтва “Позірк”.

У снежні беларусы купілі больш машын, чым год таму

У снежні 2024 года аўтадылеры, якія ўваходзяць у склад Аўтамабільнай асацыяцыі “БАА”, прадалі 7205 новых аўтамабіляў.

“Гэта на 21% больш, чым выніковыя продажы лістапада 2024 года, і на 107% больш, чым колькасць новых аўтамабіляў, прададзеных у снежні 2023 года”, — паведаміў Аляксандр Стэльмах, генеральны дырэктар ААТ “Мінск-Лада”. Сярод прычын такога росту продажаў новых аўтамабіляў ён назваў маркетынгавую актыўнасць дылераў (прапановы скідак, падарункаў, выгадных фінансавых умоў), а таксама рост попыту з боку пакупнікоў.

Лідарам продажаў у катэгорыі легкавых аўтамабіляў застаецца Geely (BelGee). У снежні прадалі 3567 адзінак, што складае 53% ад усіх прададзеных новых легкавых аўтамабіляў, паведамляе euroradio.fm.

У Латвіі хочуць забараніць беларусам кіраваць крытычнай інфраструктурай

Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі падрыхтавала папраўкі ў закон аб нацыянальнай бяспецы, якімі прадугледжана забараніць грамадзянам Расеі і Беларусі займаць пасады ў структурах кіравання крытычнай інфраструктурай і асабліва значнай у еўрапейскім маштабе крытычнай інфраструктурай, паведаміў партал Delfi са спасылкай на агенцтва LETA.

Тлумачыцца, што да крытычнай інфраструктуры аднесены аб’екты, сістэмы або іх часткі, істотныя для рэалізацыі важных грамадскіх функцый, а таксама аховы здароўя, забеспячэння бяспекі, эканамічнага або сацыяльнага дабрабыту людзей. Папраўкі трэба яшчэ разгледзець ураду, а затым іх павінен прыняць Сейм, піша «Позірк».

Расейскі інвестар адкрые ў Жодзіне гэтай вясной новы завод

У Жодзіне гэтай вясной адкрыюць завод па выпуску цэментава-перлітавых панэляў. Гэта імпартазамяшчальная вытворчасць. Такія панэлі выкарыстоўваюць для ўзвядзення і абліцоўванні сцен. Раней іх закуплялі ў краінах Еўразвязу.

Інвестар – расейская «Карпарацыя ВОЛМА БЕЛ». Яе дырэктар Станіслаў Бабіцкі распавёў, што абсталяванне для завода выраблялі ў Беларусі.

Газета “Рэспубліка” пісала, што планаваная магутнасць завода – мільён квадратных метраў панэляў у год. Аб’ём інвестыцый – не менш за 25 млн беларускіх рублёў, піша Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.