BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Як зарабіць на розніцы банкаўскіх ставак у Беларусі і Расеі

Бізнесоўцы карыстаюцца розніцай у банкаўскіх стаўках у камерцыйных банках Беларусі і Расеі, спрабуючы зарабіць на гэтым. Пра гэта піша даследчы цэнтр BEROC у справаздачы «Экспертны погляд. Люты 2025».

«Разыходжанне ў манетарнай палітыцы прывяло да адчувальнай розніцы па стаўках у камерцыйных банках Беларусі і Расеі: каля 17% супраць прыкладна 27% па крэдытах і 11% супраць 21% па дэпазітах. Бізнес бачыць у гэтым магчымасць зарабіць на арбітражы ставак да 4-5% гадавых», – адзначаюць эксперты. Паводле іх, асобныя кампаніі, што маюць гандлёвыя прадстаўніцтвы ў Расеі, карыстаюцца адкрытымі ў сувязі з гэтым магчымасцямі. Напрыклад, фінансуюцца ў Беларусі пад 17% і размяшчаюць сродкі ў Расеі пад 21%.

У Беларусі рэалізуюць пілотны праект па пастаўках у краіны далёкай дугі

Беларусь працягне пастаўляць тавары ў краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Блізкага Усходу. Пілотны праект па кансалідацыі тавараў для паставак рэалізуюць да 1 чэрвеня 2025 года. А за рэалізацыю праекта будзе адказваць РУП “Белмытсэрвіс”. Пра гэта гаворыцца ў новай пастанове Савета Міністраў, заўважыў Office Life.

Так, згодна з тэкстам пастановы, прадпрыемства стане кансалідатарам заявак на перавозку грузаў па чыгунцы да марскіх портаў, паромаў і партовых тэрміналаў, а таксама чыгуначных станцый, з якіх тавары потым будуць адпраўляць у краіны далёкай дугі. Для паставак у рамках пілотнага праекта выбралі калійныя ўгнаенні, прадукцыю лёгкай прамысловасці і дрэваапрацоўкі, а таксама шэраг іншых тавараў.

Літоўскі Swedbank уводзіць чарговыя абмежаванні для беларусаў

З 29 красавіка 2025 года літоўскі Swedbank будзе блакаваць прамыя і ўскосныя плацяжы, калі яны хоць нейкім чынам звязаныя з Беларуссю ці Расеяй. Паведамленне пра новаўвядзенне банк разаслаў сваім кліентам, піша Zerkalo.io. Банк патлумачыў, што пасля таго, як абмежаванні набудуць моц, нельга будзе атрымліваць ці адпраўляць грошы, калі плацёж звязаны з аплатай паслуг, грошы за якія ў выніку апынуцца ў Беларусі ці Расеі – пойдуць у гэтыя краіны праз трэцюю кампанію ці чалавека.

Таксама будзе забаронена залічэнне на рахунак сродкаў, якія наўпрост ці ўскосна звязаныя з Беларуссю ці Расеяй альбо асобамі, якія ў іх пражываюць, а таксама кампаніямі, зарэгістраванымі ў іх і так далей. 

Перавозчыка з Берасцейшчыны абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў

Кампанію, якая займалася перавозкамі ў Берасцейскай вобласці, абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў. Камітэт дзяржаўнага кантролю не раскрывае назву кампаніі, але піша, што ў бюджэт яна не даплаціла больш за 500 тысяч рублёў. Паведамляецца, што кампанія мела 30 мікрааўтобусаў і 15 аўтобусаў і займалася перавозкамі па прыгарадзе і паміж гарадамі.

КДК лічыць, што, каб зменшыць падаткі, кампанія зарэгістравала яшчэ дзве арганізацыі з аналагічным відам дзейнасці. Супраць кіраўнікоў кампаніі распачалі крымінальную справу. Падазраваныя пакрылі шкоду дзяржаве, адзначае «Наша Ніва».

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.