BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Якасны скачок на сто гадоў – ці напэўна?

“Найважнейшыя работы на чыгуначным вакзале ў сталіцы Падляшша завершаны. Цяпер пасажыры карыстаюцца ўсімі чатырма новымі платформамі, на якія зручна дабрацца праз тунэль, абсталяваны эскалатарамі і ліфтамі” – захапіліся падляшскія СМІ».

Тыя, хто карыстаецца вакзалам рэдка, або ўвогуле, такая інфармацыя толькі абрадуе. Я акурат з чыгуначнага вакзала, ад часу калі вярнулі пасажырскае спалучэнне з Беластоку ў Арлянку (або Мітлашы) то бок з лета 2021, на гэтым шляху карыстаюся вакзалам прынамсі 30 разоў у год, і таксама гэта цешыць. Тым больш, што ўвесь гэты час, праз чатыры гады ўсё навокал было разрушана як на вайне: і сам вакзал і вулічныя развязкі абаполь яго, з двух бакоў. А асабліва патрэбныя мне платформы знаходзіліся чамусьці ў вялікай аддаленасці. Найчасцей цягнік ў Седльцы ці Гайнаўку адпраўляўся з 2 або 4 платформы. А ў ліпені сёлета нават з першай, ці дакладней «нулявой» (сляпой платформы) звычайна тупік… Аднак сучасныя і акуратныя платформы ў Мітлашах і на Арлянцы (даўжынёй на 170 метраў) былі зробленыя раней, яшчэ 2021 годзе.

Сучасны вакзал, прыязны і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, быў пабудаваны ў рамках будаўніцтва лініі Rail Baltica, якое рэалізуецца пры падтрымцы інструмента ЕС CEF «Злучаючы Еўропу».

Нізкія і нефункцыянальныя платформы, чыгуначныя пераезды і адсутнасць абароны ад дажджу – так выглядаў беластоцкі вакзал у 2020 годзе. За апошнія гады ён перажыў велізарныя метамарфозы, і цяпер жыхары і падарожнікі могуць карыстацца яго поўнай функцыянальнасцю.\

Даступныя чатыры новыя платформы, гэта значыць у агульнай складанасці іх сем. Самае вялікае візуальнае змяненне – гэта дах – над платформамі 1-3 пабудаваны часткова зашклёны дах, які абароніць пасажыраў ад ападкаў. Платформа № 4 атрымала асобны дах, улічваючы як патрэбы падарожнікаў, так і эстэтычныя каштоўнасці – іх стыль адсылае да гістарычнага характару будынку вакзала.

Новыя платформы вышэйшыя, што палягчае пасадку ў цягнікі, а таксама ўстаноўлены лаўкі чакання, інфармацыйныя шчыты і шыльды. Перасоўванне людзей з абмежаванымі магчымасцямі забяспечваецца накіроўвалымі дарожкамі і пакрыццём супраць слізгацення.

Яшчэ адна навінка на вакзале — сямідзесяціметровы тунэль — ён замяніў старыя, зношаныя некалькімі дзесяцігоддзямі пешаходныя масткі праз пуці, пра якія са страхам успаміналі многія жыхары Беластока. Гэта бяспечна і зручна – падземны пераход пачынаецца ў будынку вакзала і вядзе на платформы і другі бок пуцей. Для зручнасці падарожнікаў ўсталяваныя ліфты і эскалатары. У залежнасці ад размяшчэння эскалатары маюць даўжынёй ад 12 да 15 м.

Падземны пераход разам з адкрытым раней тунэлем – функцыянальнае камунікацыйнае рашэнне, якое забяспечвае зручны доступ да чыгункі.

Змены, якія адбыліся на Беласточчыне, пераводзяць чыгунку ў новую эпоху. Планіроўка платформ дазволіць забяспечыць больш эфектыўны рух цягнікоў – больш доўгія платформы № 1 і 2 створаныя ў асноўным для абслугоўвання цягнікоў далёкага накіравання, карацейшыя платформы № 3 і 4 выкарыстоўваюцца ў асноўным для рэгіянальных. Новая платформа № 4 пабудаваная ў непасрэднай блізкасці ад гарадскога перасадачнага вузла і аўтавакзала. Абсталяваны ліфтамі і эскалатарамі аб’ект істотна палепшыць спалучэнне паміж найбуйнейшымі транспартнымі вузламі горада – чытаем у беластоцкіх СМІ. 

Сам вакзал, хаця сучасны і мадэрны, даволі сціплы, каб не сказаць убогі. Няма там ані кнігарні, ані цырульні (яшчэ 10 гадоў таму былі) Няма камеры захоўвання багажу, няма бару ці сталовай. А некалі такія паслугі былі. Няма чакальні для паасобных слаёў грамадства (была некалі для школьнікаў-падарожнікаў у арганізаваных групах і для бяздомных на зіму).

Зрэшты і прапанаваныя чыгуначныя спалучэнні такія сабе, маўляў не захапляльныя. Што праўда ва Уроцлаў, Кракаў, Гдыню ці Шчэцін і вядома Варшаву даехаць можна, без перасадкі, але ў Люблін ўжо не. Як няма ў Цісоўку, Ломжу, ці Зубкі Беластоцкія.

Памятаю час, калі з Беластока можна было падацца непасрэдна ў Берлін і Ленінград, але гэта толькі добры ўспамін. Як і тое, што на вакзале ў Беластоку (першапачаткова пабудаваным у час царскай Расеі) былі тры рэстараны ( бар з сама абслугоўваннем, кавярня і рэстаран з афіцыянтамі). Але станоўчае хаця бы тое, што калі не паспееш купіць квіток у касе, кандуктар ( кантралёр) прадасць табе ў цягніку, без ніякай даплаты, ці штрафу, як гэта некалі бывала.

Аднак гэта яшчэ не канец – сур’ёзныя змены закранаюць і тыя часткі станцыі, якія звычайна недаступныя і нябачныя падарожнікам. Бяспечны і эфектыўны рух цягнікоў забяспечваецца сучаснай вылічальнай тэхнікай, цэнтралізаванай ва ўчастковым чыгуначным цэнтры кіравання. Гэта эпахальная якасная змена — раней Беласток быў самай вялікай станцыяй у Польшчы, якую абслугоўвалі мэханічныя прылады. Увесь аб’ём рэканструкцыі ўключае ажно 55 км пуцей і 144 стрэлачныя пераводы. На вакзале і перонах у Беластоку яшчэ будуць невялікія аддзелачныя работы. Работы на шляхах і пагрузачнай рампе працягнуцца ў глыбіні станцыі.

Найважнейшае, каб цягнікі курсавалі рэгулярна, без спазненняў, а квіткі былі сваёй цаной даступнымі для жадаючых падарожнічаць.

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя