BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Якім для беларускай эканомікі быў 2024 год?

Яшчэ адзін Госць Рацыі – беларускі бізнес-блогер, сябра Каардынацыйнай Рады Аляксандр Кныровіч адказвае на гэтае ды іншыя пытанні.

РР: Ацэньваючы стан беларускай эканомікі за 2024 год, можна сказаць, што сітуацыя стабільная? А калі яна стабільная, то дзякуючы менавіта вайне і таму ўскоснаму ці прамому саўдзелу, які Беларусь аказвае Расеі.

Аляксандр Кныровіч: Я б не назваў яе стабільнай, і намдырэктар дзяржаўнага Нацыянальнага інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук ужывае слова “крохкая”. Вось наша сёння стабільнасць, якая ёсць, якая назіраецца, такая крохкая. І гэта вельмі дакладнае слова. Так, мы атрымалі невялікія выгады ад таго, што паўдзельнічалі ў вайне, атрымалі нашы прадпрыемствы замовы. Таксама недахоп працоўных рук вельмі дзіўным чынам адбіўся на беларускіх заробках – яны выраслі непрапарцыйна па росце ВУП, але залежнасць ад Расеі павялічылася амаль да манапольнай, 70 % напрамку знешняга гандлю, інвестыцыяў і нашых знешніх даўгоў. І таму зараз становішча такое, што адзін крок направа – налева і ад гэтай крохкай стабільнасці не застанецца нічога.

РР: Санкцыйны ціск не спыняецца. І можна сказаць, што санкцыі дзейнічаюць, толькі ці сапраўды ў тым напрамку, у якім хацелі б мы?

Аляксандр Кныровіч: Я б не ставіўся да санкцый як да мега-інструмента, які павінен быў бы прымусіць Лукашэнку нешта зрабіць – ці выпусціць палітвязняў, ці спыніць удзел у вайне. Усё ж такі для мяне санкцыі – гэта адказнасць за такія канкрэтныя крокі, вось за ўдзел у вайне, за нейкія яшчэ. І заходнія краіны павінны на гэта рэагаваць. І яны рэагуюць санкцыямі, і гэта ўжо дастаткова. Канешне, тое, што яны павінны былі спыніць эканоміку Беларусі ці справакаваць крызіс, гэта, канешне, былі ілюзіі, таму што адначасова з уплывам санкцый быў невялікі ўплыў на кошты на калійныя ўгнаенні ці прадуктаў нафтаапрацоўкі. Адно наклалася на другое, і таму не было ў 2022 годзе таго крызісу, які прагназаваўся – мінус 10%, а быў толькі мінус 4.7 %. Таму санкцыі працуюць і працуюць, як яны і павінны былі працаваць. І тое, што мы не бачым наступстваў у выглядзе вялікага крызісу ў беларускай эканоміцы, я б гэта ацэньваў як станоўчы фактар. Таму што жадаць бяды беларускаму народу было б неяк не патрыятычна, калі можна так казаць.

РР: Да чаго варта рыхтавацца беларусам унутры Беларусі? І ці можа быць звязаны перанос выбараў на бліжэйшую дату ў сувязі з пагаршэннем эканамічнага стану ў Беларусі?

Аляксандр Кныровіч: Я ўпэўнены, што адна з нагодаў пераносу выбараў на такі бліжэйшы тэрмін, гэта тое, што праз месяц яшчэ будзе справаздачыцца пра што. А вось у сакавіку-траўні мы будзем бачыць іншы стан беларускай эканомікі. Там таксама будзе рост, але гэта будзе рост каля 0%, і гэта бачна са статыстыкі гэтага года. У першым паўгоддзі мы мелі амаль кітайскі рост, там 5.5%, але ўжо ў астатнія пяць месяцаў мы бачым, як усё спынілася, як яно і прагназавалася і дзяржаўнымі, і недзяржаўнымі эканамістамі. І гэты працэс будзе падаўжацца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя