Пасля ўвядзення «Рэестра аўтаперавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах» менчукі заўважылі скачок цэн на таксі. У буйным сэрвісе патлумачылі, што адбываецца. Кіраўнік «Яндэкс Go» у СНД Кірыл Свінцоў патлумачыў, што пасля ўвядзення новых правілаў колькасць кіроўцаў на лініі істотна скарацілася. З ягоных слоў, жыхары заўважылі не толькі рост цэн, але і павялічаны час чакання машыны, піша Onliner.

«Паводле звестак нашага сэрвісу, у першыя дні працы рэестра колькасць кіроўцаў на лініі скарацілася ў сярэднім на 25% у краіне і на 35% у Менску. Жыхары, якія хацелі замовіць машыну, заўважылі, што чаканне стала часта займаць больш часу, а кошт паездак па звыклым маршруце мог павялічыцца», — канстатуе Кірыл Свінцоў. У сістэме стаў спрацоўваць падвышаючы кошт каэфіцыент.
Плодаагароднінная прадукцыя ў кастрычніку падаражэла на 11%
Цэны на плодаагароднінную прадукцыю (сезонныя тавары) у кастрычніку выраслі на 11% (у верасні — 14,9%, жніўні — на 18,9%), вынікае з апублікаванага Нацыянальным банкам агляду інфляцыйных працэсаў.
Базавая інфляцыя склала 5,3%. На думку даследчага цэнтра BEROC, пры захаванні татальнага цэнавага кантролю спажывецкія цэны вырастуць на 5–7% па выніках бягучага года. Назапашаны інфляцыйны навес будзе паступова прасочвацца ў фактычныя цэны, і ў 2025 годзе інфляцыя можа паскорыцца да 6–9%, піша «Позірк».
У Беларусі расце ровень працоўнай міграцыі
За апошнія два гады ў Беларусі больш як у паўтара раза вырасла колькасць працоўных мігрантаў. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на першага намесніка міністра працы і сацабароны Таццяну Астрэйку.
У Беларусі па працоўных дагаворах зараз працуюць больш як 60 тысяч іншаземцаў. Часцей за ўсё яны заняты па працоўных спецыяльнасцях. Дзве трэці іншаземцаў працуюць у гандлі, гасцінічным бізнесе і транспартнай сферы. Сярод папулярных напрамкаў у мігрантаў таксама будаўніцтва, сельская гаспадарка і вытворчасць прадуктаў харчавання. Сярод працоўных мігрантаў 40% – расейцы. Сёння іншаземцаў у Беларусі можна прыцягваць для працы без спецыяльнага дазволу па 53 прафесіях.
Палякі сталі піць менш віна, але выбіраюць больш дарагое
Продажы віна ў Польшчы нязначна падаюць, але галіна бачыць магчымасці ў тым, што спажыўцы ўсё часцей выбіраюць больш дарагія напоі, паведамляе Puls Biznesu. Польскі вінны рынак за апошнія дзесяцігоддзі перажыў значную трансфармацыю. Дваццаць гадоў таму сярэднестатыстычны паляк выпіваў у сярэднім толькі паўлітра віна ў год, а сёння спажыванне дасягае шасці літраў на чалавека. Хоць апошнія даследаванні паказваюць, што ў аб’ёмным выражэнні рынак віна ў Польшчы трохі скарачаецца, яго кошт расце.
Паводле справаздачы NielsenIQ, летась палякі выдаткавалі на віно 4,6 мільярда злотых. Гэта на 7,3 працэнта больш, чым годам раней, але ў колькасным выражэнні закупкі скараціліся на 1,2 працэнта.
Беларускае Радыё Рацыя.