«Яндэкс» пераносіць вытворчасць з Кітая і пачынае выпуск «разумных» тэлевізараў серыі «ТВ Станцыя» з галасавым памочнікам «Аліса» на заводзе H-tv у Менску. Як паведамляе Forbes, расейцы інвеставалі 2 мільёны даляраў у новыя рабатызаваныя вытворчыя лініі. Завод H-tv уваходзіць у склад беларускага H-holding, вядомага таксама пад брэндам «Гарызонт».

У чэрвені на прадпрыемстве была выпушчана тэставая партыя – 230 тэлевізараў, якія ўжо паступілі ў продаж. Са жніўня вытворчасць будзе перанесена на новыя канвееры. Выпуск тэлевізараў «Яндэкса» на новай пляцоўцы ацэньваецца ў сотні тысяч штук у год. Пры гэтым H-tv гатовы павялічыць свой агульны выпуск з 3 млн да 7 млн тэлевізараў у год. Прырост магутнасці хочуць забяспечаць не толькі дзякуючы тэлевізарам «Яндэкса», але і іншых брэндаў. Перанос вытворчасці з Кітая ў Беларусь, акрамя лагістычных пераваг, дасць «Яндэксу» магчымасць сэканоміць на мытных зборах, піша выданне.
Разлікі выдаткаў для пераходу на “ваенны час” – загад Мінэканомікі
Міністэрства эканомікі Беларусі разаслала ў мясцовыя органы ўлады ўказанне падлічыць выдаткі па пераводзе эканомікі краіны на “ваенны час”. Пра гэта з уласных крыніц даведалася гомельскае выданне “Флагшток”.
Паведамляецца, што запыты інфармацыі па падрыхтоўцы да стану ваеннага часу паступілі ў адміністрацыі і выканкамы. У першую чаргу маюцца на ўвазе выдаткі на забеспячэнне людзей і транспарту, утрыманне ваеннаабавязаных на тэрмін да 12 месяцаў. Звесткі трэба падаваць у Мінэканомікі, дзе падлічаць агульныя звесткі пра тое, колькі будзе каштаваць перавод Беларусі на “ваенны час”.
МАРГ праверыў буйныя рынкі і знайшоў шмат парушэнняў
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю правяло праверкі на асноўных рынках Беларусі і выявіла шэраг парушэнняў. У выніку было выдадзена больш за 300 рэкамендацый тым прадпрымальнікам, чыя дзейнасць не была афіцыйна зарэгістраваная ў Гандлёвым рэестры.
Парушэнні зафіксавалі на менскіх рынках «Камароўка», «Тутэйшы», «Чыжоўскі», «Малінаўка», а таксама на рынку «Новы Лебядзіны» каля сталіцы. Акрамя таго, парушэнні былі выяўлены на «Брэсцкім рынку», «Смаленскім рынку» ў Віцебску, «Гомельскім цэнтральным рынку», «Цэнтральным рынку» ў Гародні і на «Цэнтральным рынку Магілёва». Сярод парушэнняў: продаж пратэрмінаванага тавару, завышаныя цэны, прыхоўванне часткі выручкі і пазбяганне выплаты падаткаў ды іншыя.
Фінляндыя ўвяла забарону на здзелкі з нерухомасцю для беларусаў
Фінскія ўлады лічаць, што набыццё нерухомасці прадстаўнікамі Расеі і Беларусі (і некаторых іншых краін) можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны.
Забарона датычыцца куплі жылля, зямельных участкаў і камерцыйнай нерухомасці грамадзянамі, а таксама юрыдычнымі асобамі, зарэгістраванымі ў недружалюбных дзяржавах. Раней набытая рэзідэнтамі Беларусі і Расеі нерухомасць застанецца ў іх – забарона зваротнай сілы не мае. У далейшым беларусы змогуць здзяйсняць такія здзелкі ў Фінляндыі, толькі калі ў іх ёсць падвойнае грамадзянства або пастаянны ВНЖ.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.






