BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Яшчэ 8 краін далучыліся да санкцый ЕЗ супраць Беларусі

Некалькі еўрапейскіх краін далучыліся да новых абмежаванняў у дачыненні да Беларусі, уведзеных Еўразвязам у ліпені. Яны сталі часткай 18-га пакета антырасейскіх санкцый ЕЗ, які многія аналітыкі назвалі самым жорсткім з раней прынятых. Да санкцый далучыліся Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвегія і Украіна.

Прадпрыемства “Гродна Азот”, якое знаходзіцца пад санкцыямі. Фота ілюстрацыйнае: azot.by
Прадпрыемства “Гродна Азот”, якое знаходзіцца пад санкцыямі. Фота ілюстрацыйнае: azot.by

Нагадаем, што ў гэтым пакеце ішла размова пра ўзмацненне жорсткасці экспартна-імпартных абмежаванняў у дачыненні да Беларусі. Акрамя таго, у санкцыйныя спісы ЕЗ былі ўключаны восем прадпрыемстваў.

У ліпені ў Расеі прадалі ўсяго два беларускія аўтобусы МАЗ

Гэта ў 14 разоў менш, чым у ліпені мінулага года, вынікае са звестак продажу, на якія звярнула ўвагу выданне «Позірк». Усяго з пачатку бягучага года на рынку Расеі прадалі толькі 134 аўтобусы МАЗ. Гэта падзенне ў 2,4 разу: за той жа леташні перыяд прадаліся 322 аўтобусы.

Тое, што беларускія МАЗы саступаюць аналагам як у цане, так і ў якасці, прызнаваў нават Аляксандр Лукашэнка. Нагадаем, беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца падчас руху, асабліва часта – у Расеі.

Чарговы перавозчык прыпыніў рэйсы з Менска ў Вільню

З 14 жніўня прадпрыемства “Мінсктранс” адмяніла тры рэйсы па маршруце Менск — Вільня — Менск. Як паведамляецца, гэтае скарачэнне часовае і звязанае з адсутнасцю неабходных дазволаў. “Мінсктранс” стаў ужо другім перавозчыкам, які скараціў колькасць аўтобусаў на гэтым маршруце, піша Office Life. Як паведамілі ў кампаніі, астатнія рэйсы перавозчыка ў Літву застаюцца ў сіле.

Раней пра скарачэнне колькасці сваіх аўтобусаў на гэтым напрамку заявіў літоўскі перавозчык Eurolines. З чым звязана абмежаванне аўтобусных маршрутаў – пакуль не зусім зразумела. У мінулым годзе ў літоўскай адміністрацыі па бяспецы на транспарце паведамлялі, што плануюць скараціць выдачу дазволаў на аўтобусныя перавозкі паміж Літвой і Беларуссю.

Трамп зноў адклаў рашэнне аб павышэнні пошлін для Кітая

Прэзідэнт ЗША падпісаў указ, якім увядзенне пошлін на кітайскія тавары адкладаецца яшчэ на тры месяцы. Як паведамляе CNBC, у Белым доме пазітыўна ацанілі вынікі чарговага раўнду перамоў з Кітаем і разлічваюць на заключэнне гандлёвай здзелкі. Нядаўна Трамп заявіў, што ёсць вельмі добрыя шанцы на заключэнне выгаднай гандлёвай здзелкі з Кітаем. У амерыканскай адміністрацыі лічаць, што Кітай павінен значна павялічыць закупкі тавараў у ЗША, каб ліквідаваць разрыў ва ўзаемным гандлёвым балансе.

Раней ЗША ўвялі 25%-ую пошліну на індыйскія тавары. А крыху пазней Трамп падпісаў указ пра ўвядзенне пошлін ад 15 да 41% для Еўразвязу і больш як 60-ці іншых краін.

Беларускае Радыё Рацыя