Беларусы трапілі пад забарону ў яшчэ адной электроннай плацежнай сістэме — Skrill. Карыстальнікі з Беларусі атрымліваюць паведамленні, што “санкцыйныя абмежаванні ўплываюць на магчымасць прадастаўляць паслугі ў вашай краіне”, заўважыла выданне “Беларусы і рынак”. Пры гэтым паведамленні пра закрыццё акаўнтаў прыходзяць не загадзя, а ў той жа дзень. У выніку да акаўнтаў немагчыма атрымаць доступ і вывесці грошы.

Skrill — электронная плацежная сістэма, заснаваная ў Лондане. Для беларусаў яна ўжо з 2022 года працавала з абмежаваннямі — напрыклад, нельга было зарэгістраваць новы акаўнт.
Базавая інфляцыя ў лютым склала 6,8% года да года
У лютым базавая інфляцыя ў Беларусі склала 6,8% у гадавым вымярэнні. У студзені было амаль столькі ж, а ў снежні – 7,3%. Гэта вынікае з афіцыйнай статыстыкі.
Пры гэтым у мінулым месяцы рост цэн на садавіну і гародніну склаў 5,6%, і нават цэны і тарыфы, якія рэгулююцца дзяржавай, павялічыліся на 3,9%. Улады прагназуюць, што па выніках года спажывецкія цэны павялічацца не больш як на 7%.
Сухафрукты і арэхі з Расеі – “пад забаронай”
Рассельгаснагляд не дазволіў беларусу даставіць у Менск набытыя ў Маскве сухафрукты і арэхі. Пра спыненне спробы несанкцыянаванага вывазу з Расеі ў Беларусь каля чатырох тон сухафруктаў і арэхаў паведаміла Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе. Груз не меў неабходных дакументаў. Хоць пазнейшая экспертыза не выявіла ніякіх шкодных рэчываў і арганізмаў у тавары, яго і так вярнулі назад у Маскву.
Кожны чацвёрты iPhone цяпер збіраюць у Індыі
Вытворчыя магутнасці Apple у Індыі дасягнулі гістарычнага максімуму. Па выніках мінулага года доля смартфонаў з маркіроўкай Assembled in India склала 25% агульнасусветнага аб’ёму выпуску карпарацыі, піша Bloomberg.
Так, за мінулы год на індыйскіх заводах сабралі каля 55 млн iPhone – гэта на 53% больш за пазамінулы год. Павелічэнне вытворчасці ў Індыі абумоўлена імкненнем Apple пазбегнуць патэнцыйнага ўвядзення тарыфаў ЗША на кітайскія тавары. Дзеля гэтага кампанія пераносіць вытворчасць з Кітая ў іншыя краіны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: monito.com/pl






