У Беларусі ўвялі змену для тых грамадзян, якія здаюць нерухомасць. Прыгадаем, што з сёмага ліпеня пачаў дзейнічаць абавязак паведамляць міліцыю пра іншаземных пастаяльцаў. А цяпер стала даступнай таксама адпаведная электронная паслуга на сайце “Е-Паслуга”. Гэтая паслуга называецца “Перадача інфармацыі пра замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь”.
Абавязак паведамляць міліцыю датычыць юрыдычных і фізічных асоб, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў, якія здаюць у арэнду жыллё, пакоі ў аграсядзібах, садовыя домікі, дачы і бізнес-апартаменты на тэрмін ад адных сутак. Цяпер, калі вы здаяце нерухомасць іншаземцам, трэба пра гэта паведаміць у МУС на працягу трох гадзін пасля засялення. Іначай атрымаеце штраф да 20 базавых велічынь. (“Зеркало”)
Літоўцы выкрылі вялікую партыю беларускай кантрабанды
Супрацоўнікі літоўскай мытні і памежнікі праверылі сістэмай рэнтгенаўскага кантролю два цягнікі на мяжы з Беларуссю і ў вагонах знайшлі кантрабандныя цыгарэты на 57 тысяч еўра. Як піша выданне “Беларусы і рынак”, вагоны выкарыстоўваліся для перавозкі шчэбню транзітам праз Літву ў Калінінградскую вобласць Расеі. Пачкі цыгарэт былі запакаваныя ў вялікія вузкія пакеты, падобныя на чамаданы, закручаныя ў поліэтылен і засыпаныя друзам.
У двух вагонах знайшлі 8820 пачак беларускіх цыгарэт. У той самы дзень яшчэ адну партыю кантрабанды знайшлі ў іншым цягніку з Беларусі таксама з друзам. Гэта яшчэ 4050 пачак. Кошт грузу з улікам падаткаў ацанілі на амаль 58 тысяч еўра. Літоўскія ўлады заявілі, што сёлета пачалі 19 дасудовых расследаванняў па фактах перавозкі кантрабанды цыгарэт па чыгунцы. За гэты час затрымалі больш за 177 тысяч пачак нелегальных беларускіх цыгарэт, кошт якіх склаў 769 тысяч еўра. (Office Life)
Колькасць мільянераў у Польшчы расце
Колькасць мільянераў у Польшчы павялічваецца з кожным годам. Зараз у краіне пражывае больш за 44 тысячы чалавек, якія зарабляюць, як мінімум, 1 мільён злотых у год. Найбольш мільянераў пражывае ў Мазавецкім ваяводстве, паведамляе тыднёвік Wprost. Усяго на Мазоўшы пражывае 9 тысяч 583 мільянеры. Пра гэта сведчаць звесткі 16 падатковых устаноў, на якія спасылаецца выданне. Не здзіўляе факт, што найбольшая канцэнтрацыя мільянераў знаходзіцца ў Варшаве. У сталіцы пражывае 5 200 з іх.
Другім ваяводствам у рэйтынгу па колькасці мільянераў з’яўляецца Малапольскае. У гэтым рэгіёне пражывае 7 860 чалавек, якія зарабляюць не менш за 1 мільён злотых у год. Наступныя ваяводствы ў рэйтынгу з найбольшай колькасцю мільянераў: Сілезскае, Вялікапольскае і Заходнепаморскае. Там пражывае па тры тысячы чалавек, якіх можна назваць мільянерамі. (Беларуская служба Польскага Радыё)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: reicapitalgrowth.com