BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Какава, кава і курсы кіроўцаў – лідары па падаражанні

Какава-парашок, натуральная молатая кава і курсы кіроўцаў найбольш падаражэлі ў Беларусі ў 2025 годзе (без уліку сезоннай плодаагародніннай прадукцыі), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата.

Цэны на какава-парашок павялічыліся на 72,72%, каву — на 36,05%, курсы кіроўцаў сталі даражэй на 35,36% пры агульным росце спажывецкіх цэн на 6,83%. У першую пяцёрку па падаражэнні сярод несезонных харчовых тавараў таксама ўвайшлі салёны селядзец (+26,39%), растваральны какава-напой (+25,14%) і мёд (+24,41%). Патаннелі толькі рыс (-13,62%) і аліўкавы алей (-5,12%).

Дзе самыя высокія заробкі ў Беларусі

У лістападзе 2025 года сярэдні заробак работнікаў арганізацый Менска склаў 3560,8 руб. Гэта да выліку падаткаў і ўзносаў. Пры гэтым у Астравецкім раёне намінальная налічаная сярэдняя заработная плата за лістапад склала 3835,1 руб., гэта значыць на 274,3 руб. больш, чым у Менску.

Працягваюць зарплатны рэйтынг Менскі (3430,4 руб.), Смалявіцкі (3022,9 руб.), Дзяржынскі (3010,3 руб.), Рэчыцкі (2934,9 руб.), Салігорскі (2897,3 руб.), Шклоўскі (2780,3 руб.), Нясвіж (2759,7 руб.).

Венесуэла аднаўляе здабычу нафты пад кантролем ЗША

Дзяржаўная энергетычная кампанія Венесуэлы PDVSA адмяняе меры па скарачэнні здабычы нафты, уведзеныя з-за эмбарга ЗША. Цяпер экспарт нафты пад кантролем Вашынгтона аднаўляецца, паведамляе Reuters.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп яшчэ 7 студзеня аб’явіў, што Венесуэла перадасць Вашынгтону ад 30 да 50 млн барэляў нафты. За апошнія тыдні, як піша агенцтва, ЗША захапілі пяць судоў у міжнародных водах, якія перавозілі венесуэльскую нафту. Белы дом паабяцаў, што працягне гэта рабіць.

Працэнтныя стаўкі ў Польшчы пакуль не змяняюцца

Прайшло першае пасяджэнне Рады па грашова-крэдытнай палітыцы ў 2026 годзе, на якім пастанавілі пакінуць працэнтныя стаўкі без змен. Далейшыя рашэнні Рады будуць залежаць ад інфляцыі і эканамічнай актыўнасці. Большасць эканамістаў прагназуе, што ключавая стаўка застанецца на ўзроўні 4% як мінімум яшчэ месяц.

У мінулым годзе Рада па грашова-крэдытнай палітыцы ў шасці кроках знізіла стаўку рэфінансавання на 1,75 працэнтнага пункта да згаданых 4%. Гэта самы нізкі ўзровень з вясны 2022 года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: Thinkstockphotos.com.