BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кампенсацыі для польскага бізнесу, які пацярпеў ад закрыцця мяжы

Прадпрымальнікі з падляшскіх гмін Кузніца і Гарадок могуць і надалей звяртацца па кампенсацыю страт ад закрыцця памежных пераходаў з Беларуссю, адпаведную пастанову падпісаў падляшскі ваявода Яцэк Бжазоўскі. Паводле інфармацыі прэс-службы ваяводства, на гэтыя мэты да канца года з агульнага рэзерву дзяржаўнага бюджэту выдзелена 5 млн злотых (1,25 млн даляраў). Раней па кампенсацыю звярнуліся 26 арганізацый, было вынесена 137 станоўчых рашэнняў на суму каля двух мільёнаў даляраў у эквіваленце.

Рух у аўтамабільным пункце пропуску Кузніца-Беластоцкая (з беларускага боку — Брузгі) быў спынены на нявызначаны тэрмін 9 лістапада 2021 года, Баброўнікі (Бераставіца) — 10 лютага 2023 (пасля вынясення прысуду Анджэю Пачобуту).

За год беларускіх гастарбайтараў стала больш амаль на 15%

У 2023 годзе грамадзян Беларусі, якія часова працуюць за межамі краіны, стала больш на 14,9%. Такую лічбу прыводзіць “Эканамічная газета” са спасылкай на часопіс “Фінансы, улік, аўдыт”. Так, паводле інфармацыі Белстата, у мінулым годзе за межамі краіны працавалі 110,3 тысяч грамадзян Беларусі. Большасць з іх (63%) працавалі ў Расеі.

Нацыянальны банк паведамляе, што сальда даходаў ад знешняй працоўнай дзейнасці часовых работнікаў склалася станоўчым у памеры $800 млн (1,1 працэнта ВУП). Рэзідэнты Беларусі, якія часова працуюць за мяжой, зарабілі ў мінулым годзе $900 млн, што на 13,7% больш у параўнанні з узроўнем пазамінулага года, піша Office Life.

Як працуе інавацыйны фонд Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі была апублікаваная пастанова Савету Міністраў «Аб фінансаванні навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных прац у 2024 годзе». Унутры дакумента – шмат цікавай статыстыкі. Напрыклад, на што ідуць грошы з гэтак званага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду, піша Ігар Кулей для «Белсат». Згодна з апублікаваным дакументам, летась 40 працэнтаў усіх інавацыйных грошай пайшлі ў кішэні Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны і Аператыўна-аналітычнага цэнтру Лукашэнкі.

Еўразвяз запланаваў 50 мільярдаў даляраў на аднаўленне Украіны

Еўрапейская рада пацвердзіла выкананне ўмоў украінскім бокам “Плана па Украіне”, які прадугледжвае аднаўленне, рэканструкцыю і мадэрнізацыю краіны, а таксама рэформы ў рамках уваходжання ў Еўразвяз на працягу чатырох гадоў. Выкананне ўмоў плана стала падставай для адабрэння Еўрапейскай радай пачатку фінансавай падтрымкі асобнымі траншамі на агульную суму 50 млрд даляраў.

«Зроблены важны крок да прадастаўлення такой неабходнай, рэгулярнай і прадказальнай фінансавай падтрымкі для аднаўлення, рэканструкцыі і мадэрнізацыі Украіны на працягу наступных чатырох гадоў. ЕЗ яшчэ раз пацвердзіў сваю прыхільнасць стабільнасці і росту Украіны», – гаворыцца ў паведамленні на сайце Еўрапейскай рады.

На гэтым тыдні можна чакаць зніжэння цэн на паліва ў Польшчы

На бягучым тыдні цэны на паліва на аўтамабільных заправачных станцыях у Польшчы крыху знізяцца. У найбольшай ступені адчуюць гэта кіроўцы, якія запраўляюцца бензінам. Падзенне цэн – гэта вынік змен на міжнародных рынках, у прыватнасці падзення цэн на сырую нафту і гатовае паліва. Аналітык парталу e-petrol Якуб Багуцкі лічыць, што цэны бензіну і саляркі на заправачных станцыях у Польшчы могуць знізіцца нават на некалькі грошаў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Joanna Szubzda, poranny.pl