Газ падаражае на 7,07 %, электрычнасць – на 7 %, цеплавая энергія – на 7,3 %. Гэта планы ўрада Беларусі. Што праўда, тарыфы мелі вырасці ад новага года, але з увагі на марозную зіму і на тое, што давядзецца і так больш плаціць за ацяпленне, падвышэнне перанеслі на 1 сакавіка.

Так, рахункі за студзень непрыемна здзівілі многіх беларусаў, якія казалі, што ў параўнанні са снежнем сума вырасла ў два разы. У сацсетках тлумачылі: праз холад давялося больш энергіі выдаткоўваць на падаграванне вады і на ацяпленне, таму вышлі высокія рахункі.
У Магілёўскай вобласці на веснавую сяўбу няма сродкаў
У сельскіх гаспадарках Магілёўскай вобласці адзначаецца недахоп сродкаў на правядзенне веснавой сяўбы. Агулам патрэбна амаль 352 мільёны рублёў, а не хапае амаль 278 мільёнаў, то бок 79%. Такія лічбы прыводзіць Камітэт дзяржаўнага кантролю вобласці. Дакумент у распараджэнне рэдакцыі Еўрарадыё перадала арганізацыя BELPOL.
Як гаворыцца ў дакуменце, “не ў поўным аб’ёме вызначаны крыніцы фінансавання пасяўной кампаніі бягучага года”.
У Літве прапанавалі новыя санкцыі для беларусаў і расейцаў
Прадстаўнікі апазіцыйнай партыі Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты ў літоўскім Сейме прапанавалі зрабіць больш жорсткімі ўмовы набыцця нерухомасці ў Літве для грамадзян Беларусі і Расеі. У выпадку ўхвалы ініцыятывы Сеймам купляць нерухомасць у Літве змогуць толькі грамадзяне гэтых краін з дзейным пастаянным відам на жыхарства. У тых, хто жыве ў краіне на падставе часовага ВНЖ, такога права не будзе.
Акрамя таго, кансерватары прапанавалі ўвесці дадатковы кантроль для здзелак з нерухомасцю побач са стратэгічнымі аб’ектамі і вайсковымі палігонамі. У такіх выпадках беларусы і расейцы з пастаянным відам на жыхарства ў Літве змогуць набыць жыллё толькі пасля атрымання дазволу ад літоўскіх ведамстваў. Як прыгадвае “Люстэрка”, кансерватары ўжо ўносілі такую прапанову ў Сейм год таму, але не атрымалі палітычнай падтрымкі.
З Гародні запусцяць яшчэ тры аўтобусы ў Варшаву
З 1 сакавіка з’явяцца тры дадатковыя рэйсы аўтобусаў з Гародні ў Варшаву. Як распавялі прадстаўнікі сэрвісу па продажы білетаў «Атлас Бас», па дарозе яны будуць спыняцца ў Беластоку, паведамляе «Наша Ніва». Перавозчыкам выступае «Флайбус». Яшчэ адзін рэйс з Гародні ў Варшаву з 1 сакавіка арганізуе польскі перавозчык Białystok Ekspres.
На ўсіх рэйсах кошт паездкі ў Варшаву складзе 130 рублёў, у Беласток – 100. Усе аўтобусы будуць праходзіць праз пункт пропуску «Бераставіца».
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: klima-cool.pl.






