Беларусы ў шоку ад цэн за камуналку для тых, хто трапіў у “дармаеды”. Жыхарка Полацка, муж якой працуе ў Еўропе, апублікавала ў Threads сваю жыроўку, звярнула ўвагу “Точка”. Жанчына напісала, што за кватэру на 63 “квадраты” прыйшла аплата 349,5 рублёў. Рэкорд жа належыць беларусцы, якой давядзецца заплаціць больш за 745 рублёў.

З 1 кастрычніка памяняўся парадак разліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі для незанятых у эканоміцы грамадзян. Цяпер, калі грамадзянін прызнаны не занятым у эканоміцы, на ўсе кватэры, якія яму належаць, і на ўвесь аб’ём спажывання ў асноўных паслугах налічваецца поўны тарыф.
Колькі зарабляюць беларусы ў сельскай гаспадарцы?
У студзені — верасні сёлета сярэдні заробак да выліку падаткаў працаўнікоў сельскай гаспадаркі склаў 2165,7 рубля, сведчаць даныя Белстата. Гэта на 22% больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. А сярэдні налічаны заробак працаўнікоў Беларусі, паводле афіцыйных даных уладаў, у верасні склаў 2746,4 рубля да выліку падаткаў.
Паводле леташніх даных, у сельскай гаспадарцы працуюць амаль 237 тысяч чалавек, гэта 6,7% ад занятых у эканоміцы. Сярэдні ўзрост працаўніка — 44,4 года.
Кітай мае ключавую ролю ў стварэнні узбраенняў для Беларусі
Беларусь цесна супрацоўнічае з Кітаем і дзякуючы гэтаму падтрымлівае працаздольнасць уласнага абаронна-прамысловага комплексу, гаворыцца ў дакладзе BELPOL. Пасля ўвядзення маштабных санкцый супраць Беларусі рэжым Лукашэнкі пры дапамозе кітайскіх кампаній выратоўвае свае ключавыя вытворчасці, якія працуюць на ВПК.
У краіне наладжаны выпуск оптыка-механічных прыцэлаў для расейскай бранятэхнікі і стралковай зброі. Беларусь выконвае ролю зборнай пляцоўкі: найбольш складаныя дэталі вырабляюцца ў Кітаі і пастаўляюцца праз фірму-пракладку, створаную беларускімі грамадзянамі спецыяльна для абыходу санкцый. Кантракты з кітайскімі пастаўшчыкамі дасягаюць дзясяткаў мільёнаў юаняў, а самі кампаніі часта знаходзяцца пад санкцыямі.
Егіпет плануе павысіць кошт віз для турыстаў амаль у два разы
Парламент Егіпта прыняў папраўкі ў законапраект, па якіх вырастуць зборы за консульскія паслугі, а кошт уязной візы стане амаль удвая даражэйшым.
Дакумент прадугледжвае спагнанне платы ў памеры не больш за $20 або эквівалент гэтай сумы ў замежнай валюце за кожную ўязную або транзітную візу, што выдаецца егіпецкімі ўладамі ў пунктах уезду. Гэта датычыцца і любых паслуг, якія аказваюць егіпецкія пасольствы і консульствы за мяжой.
У выніку ўязная віза ў Егіпет, кошт якой зараз складае $25 у тым ліку для беларусаў, падаражэе на $20 з-за новага збору. Калі законапраект падпішуць, агульны кошт візы ў гэтую краіну складзе $45, піша Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: 1prof.





