BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кантэйнерныя перавозкі праз Беларусь выраслі амаль на 66%

Міжнародны кантэйнерны перавозчык “ОТЛК ЕРА” заявіў пра рост у першым паўгоддзі перавозак кантэйнераў у складзе сваіх паскораных цягнікоў на кірунку Кітай – Еўропа – Кітай на 66%. Размова ідзе пра грузапаток, які рухаўся транзітам праз Казахстан, Расею і Беларусь.

Хуткасць дастаўкі грузаў ад мяжы Кітая да мяжы Еўразвязу па-ранейшаму складае 5-7 дзён, што ў 3-5 разоў хутчэй, чым марскім шляхам. Важная перавага сухапутнай дастаўкі – яе кошт: яна ўдвая танней паслуг марскіх ліній. Іншымі фактарамі на карысць сухапутнага маршруту застаюцца тэрмін і бяспека дастаўкі.

Перавозчык прагназуе, што да канца года кампанія перавязе 700 тысяч 20-футавыя кантэйнераў, піша Office Life.

Texas Chiken цалкам знікае з Менска

У Менску зачыніліся апошнія кропкі вядомай амерыканскай сеткі фастфуду Texas Chiken. Да апошняга трымаліся дзве з іх: у гандлёвым цэнтры Green City у Каменнай Горцы і ў гандлёвым цэнтры Dana Mall на Усходзе. Некалькі тыдняў таму закрыўся рэстаран у Каменнай Горцы, нядаўна прыйшла чарга і таго, што на Усходзе, піша blizko.by.

Сетка Texas Chicken запусцілася ў Беларусі ў траўні 2016 года на Камароўцы. Паступова з’явіліся кропкі ў іншых месцах беларускай сталіцы. За межамі Менска ўстановы сеткі з’явіліся ў Магілёве, Берасці, Бабруйску і на трасе М1 у Дзяржынскім раёне. Некалькі гадоў таму сетка змяніла шыльду на “Тэхаская курачка”.

Чакаюцца змены ў функцыянаванні дамоваў падраду ў Польшчы

У Міністэрстве сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы ўжо ёсць праект, які прадугледжвае выплату ўзносаў па ўсіх грамадзянска-прававых дамовах. Гэта датычыцца не толькі дамоваў на працу, але і асобных працоўных кантрактаў. З адказу міністэрства на пытанні Business Insider вынікае, што праект ужо абмяркоўваўся ў камітэце эканомікі пры ўрадзе.

Праект прадугледжвае, што кантракты на выкананне канкрэтных работ будуць пакрывацца ўзносамі ZUS. Гэтая рэформа закліканая выраўнаваць магчымасці на рынку працы, да яе прымушае Еўразвяз. Калі польскі ўрад прыме такія змены, то яны могуць закрануць да 2,5 мільёнаў чалавек, якія працуюць, не маючы дамовы на працу.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: ukrterminal.kiev.ua.