Урад Польшчы хоча далучыцца да праграмы, прапанаванай Еўразвязам, якая атрымала назву SAFE. Гэта новы фінансавы інструмент, накіраваны на ўмацаванне абароназдольнасці дзяржаў-чальцоў перад абліччам пагрозы з боку Расеі.

Гаворка ідзе пра 44 мільярды еўра, якія Польшча можа атрымаць пад 3,5% да 2070 года. У сваім звароце прэзідэнт Наўроцкі заявіў, што такі крэдыт уцягне пакаленні палякаў у запазычанасць, а заробяць на гэтым іншыя краіны ЕЗ. У адказ ён прапанаваў альтэрнатыўную праграму — SAFE 0% за кошт стварэння Польскага фонду абаронных інвестыцый у супрацоўніцтве з Нацыянальным банкам. У Польшчы разгарэліся вострыя палітычныя спрэчкі.
Як Расея заробіць і страціць на нафтавым крызісе?
Ваенныя дзеянні ў Іране і блакіроўка Армузскага праліву закранулі каля 20% сусветнага рынку нафты. Калі да пачатку баявых дзеянняў у Іране нафта Brent прадавалася па цэнах каля 70 даляраў за барэль, то цяпер яна каштуе каля 100 даляраў.
Калі праліў застанецца заблакаваным працяглы час, гэта значна паўплывае на даходы расейскага бюджэту ад нафты. Скарыстаецца з гэтага і Беларусь. Але нават у выпадку хуткага завяршэння крызісу, сітуацыя, якая склалася на рынку нафты, грае на руку Расеі.
З іншага боку, Іран быў значным саюзнікам Расеі ў іншых сферах, таму ў некаторых пытаннях яна можа страціць нават больш. Да прыкладу, расейскі “Расатам” займаўся будаўніцтвам атамнай станцыі ў Іране, піша “Наша Ніва”.
У Беларусі здымаюць з продажу піва з недружалюбных краін
Наведвальнікі заўважылі ў крамах паведамлення пра тое, што з 1 красавіка ў іх прыпыняць раздробны гандаль соладавым півам з недружалюбных краін. Гэта звязана з патрабаваннем заканадаўства, якое ўступае ў сілу.
У Беларусі ўжо дзейнічае такая забарона з 2024 года, але яна датычыла піва з Літвы, Латвіі, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі. З 1 красавіка забарону пашыраць на іншыя дзяржавы са спісу недружалюбных. Пад такімі, у прыватнасці, разумеюць Аўстралію, дзяржавы ЕЗ, Вялікабрытанію і Паўночную Ірландыю. Па патрабаваннях закона, усё соладавае піва, якое ўжо завезлі ў Беларусь з гэтых краін, забіраць не будуць. Аднак, каб прадаць рэшткі, рэтэйлерам трэба вырабіць на бутэлькі адмысловую маркіроўку, піша Office Life.
Урад Беларусі заявіў пра рэкордны экспарт турыстычных паслуг
У мінулым годзе дасягнуты “найбольшы за ўсю гісторыю Беларусі” аб’ём экспарту турыстычных паслуг — больш за 392 млн даляраў, што на 46% вышэй за ўзровень пазамінулага года, паведаміла прэс-служба Савета міністраў.
Пры гэтым колькасць арганізаваных беларускіх турыстаў і экскурсантаў, якія вандруюць унутры краіны, павялічылася амаль у 4 разы ў параўнанні з 2020 годам і склала 2 млн 212 тыс. Колькасць паездак замежных грамадзян у Беларусь павялічылася на 13,6% да 7,51 млн.
Беларускае Радыё Рацыя






