
Апошні адносна некрызісны бюджэт у Беларусі прымаўся ў канцы 2019 года — гэта быў фінансавы план дзяржавы на 2020-ты. Праз чатыры гады шмат што змянілася, у тым ліку і бюджэтныя прыярытэты. Улады шчодра павялічваюць фінансаванне сілавікоў і (трэба ж!) адкрыта абдзяляюць прапагандыстаў. “Позірк” на гэтым тыдні падрабязна разбіраў, як рэспубліканскі бюджэт дзеляць паміж ведамствамі.
Адна з самых цікавых класіфікацый расходаў бюджэту — ведамасная. Яна паказвае, які аб’ём фінансавання будзе выдзелены канкрэтным арганізацыям. На жаль, такіх даных у адкрытым доступе няшмат, але нават іх дастаткова, каб убачыць некаторыя цікавыя тэндэнцыі. Так, Міністэрства абароны атрымае больш за 3 мільёны 818 рублёў, і гэта рост на 160 працэнтаў да 2020 года.
Усяго ў бягучым годзе на фінансаванне сілавога блока выдзеляць як мінімум 9 млрд рублёў. У параўнанні з праектам бюджэту-2020 аб’ём фінансавання сілавога блоку вырас прыкладна ў паўтара разу.
Лукашэнка вырашыў зарабляць на музычных інструментах
Заняцца развіццём вытворчасці музычных інструментаў даручыў Аляксандр Лукашэнка кіраўніку спраў прэзідэнта Юрыю Назаранку на сустрэчы 2 лютага. Маўляў, беларусы – “музычная, адукаваная ў гэтым плане” нацыя, але музычныя інструменты ў асноўным купляем імпартныя.
– Нешта паспрабавалі ў Барысаве ўзнавіць, быццам бы на гэтым і заглухла. Гэта, вядома, пытанне дзяржаўнае, не толькі Кіраўніцтва справамі, але табе як дасведчанаму чалавеку трэба паглядзець і на дзяржаўныя арганізацыі, якія павінны падключыцца і зрабіць максімум, у прыватнасці, для развіцця гэтага кірунку, – даручыў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што калі музычнымі інструментамі не зоймецца яго кіраўніка справамі, то “ніхто аператыўна гэта пытанне не вырашыць, не ўзніме гэтую галіну”. Так што ўслед за айчыннымі ноўтбукамі, легкавымі машынамі, а нават і самалётамі, улады вырашылі заняцца і музычнымі інструментамі. Як так гаворыцца, каб “купляць сваё”.
Ці ёсць пагроза для паставак інсуліну ў Беларусь?
У снежні мінулага года ў Менску закрылася прадстаўніцтва самай дарагой фармацэўтычнай кампаніі Еўропы. Гаворка ідзе пра дацкую Novo Nordisk, якая вырабляе прэпараты ад дыябету. Office Life высветліў, што цяпер будзе з пастаўкамі прадукцыі гэтай кампаніі на беларускі рынак.
Што праўда, завод кампаніі Novo Nordisk працягвае працаваць у Расеі, у Калужскай вобласці. Але ён займаецца выключна выпускам інсуліну для ўнутранага рынку. Прадстаўнікі Novo Nordisk пацвердзілі журналістам, што фізічны офіс кампаніі ў Беларусі сапраўды закрыўся. Пры гэтым, аднак, падкрэслілі, што “па-ранейшаму працягваюць пастаўкі ў Беларусь жыццёва важных прэпаратаў інсуліну”. І гэта вельмі важная інфармацыя, паколькі на беларускі рынак паступае інсулін ад Novo Nordisk пераважна дацкай вытворчасці.
Паўночная Карэя зарабляе на экспарце накладных веек і парыкоў
Экспарт накладных веек і парыкоў у мінулым годзе прынёс эканоміцы Паўночнай Карэі $167 млн. Такую лічбу называе агенцтва Reuters, спасылаючыся на даныя мытні Кітая. У 2023 годзе на гэты артыкул экспарту прыпала амаль 60% усяго аб’ёму тавараў, якія Пхеньян паставіў у Кітай.
Як адзначае выданне, з-за пандэміі каранавіруса экспарт парыкоў і веек быў часова спынены і аднавіўся толькі летась. За гэты час у некалькі разоў выраслі попыт і цэны на прадукцыю, якая славіцца высокай якасцю. Reuters пры гэтым адзначае, што парыкі і вейкі праходзяць фінальную апрацоўку і пакуюцца ў Кітаі, пасля чаго прадаюцца па ўсім свеце з маркіроўкай Made in China.
За падзеямі эканомікі ў Беларусі і свеце за тыдзень сачыла Яна Запольская.
Фота: Віктар Талочка.






