Інфармацыі аб праблемах з картамі «Белгазпрамбанка», беларускай дачкі расейскага банка, няма.

Замежныя банкі спынілі абслугоўваць карты кітайскай плацежнай сістэмы UnionPay, эмітаваныя расейскім «Газпромбанкам».
Карты перасталі працаваць у Венгрыі, Віетнаме, Нямеччыне, Казахстане, Катары, Турцыі, ААЭ, Тайландзе і Кітаі, паведамляюць ТАСС і «Коммерсантъ».
Пасля пачатку ваеннай аперацыі ва Украіне і ўвядзення санкцый “Газпромбанк” заставаўся адным з нямногіх банкаў у Расеі, дзе фізічныя асобы маглі аформіць карты плацежнай сістэмы UnionPay і выкарыстоўваць іх за мяжой.
21 лістапада “Газпромбанк” патрапіў у чорны спіс ЗША (SDN, Specially Designated Nationals List) у рамках маштабных санкцый супраць фінансавага сектара Расеі. Ён уваходзіць у пералік сістэмна значных крэдытных арганізацый. З 2022 года “Газпромбанк” быў адказным за разлікі за газ з імпарцёрамі з недружалюбных краін.
Пасля траплення пад амерыканскія санкцыі карты UnionPay іншых расейскіх банкаў перасталі працаваць за мяжой. У прыватнасці, гаворка ідзе аб Т-банку, МТС Банку, банку “Прымор’е”, банку “Санкт-Пецярбург” і іншых.






