Кава даражэе — і, як папярэджваюць эксперты, гэта яшчэ не канец росту цэн. Выданне Forsal піша, што ў ліпені молатая кава ў свеце падаражэла на 18% у параўнанні з мінулым годам. У чэрвені рост працягнуўся — больш як на 20%. Спецыялісты прагназуюць, што да канца года молатая кава можа павысіцца ў цане яшчэ на 4–7%, а растваральная — на 3–6%. Усё залежыць ад кошту сыравіны на сусветным рынку.

У дэталёвым гандлі ўжо назіраецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці прома-акцый на каву. Гандлёвыя сеткі не хочуць яшчэ больш зніжаць свае маржы, бо сыравіна дарагая, а попыт застаецца стабільным. Таму спажыўцам давядзецца прывыкаць да высокіх цэн.
Венгрыя і Славакія зноў заступіліся за Расею
Венгрыя і Славакія зноў просяць Еўразвяз скасаваць замарожванне актываў і візавыя забароны ў дачыненні да шасці расейскіх бізнесоўцаў, якія трапілі пад санкцыі ЕЗ з прычыны расейскай агрэсіі супраць Украіны. Пра гэта паведамляе «Radio Free Europe/Radio Liberty». Венгрыя і Славакія, якія падтрымліваюць шчыльныя стасункі з Крамлём, раней ужо скарысталіся сваім правам вета, каб выключыць з санкцыйнага спісу некаторыя найбольш гучныя імёны, а цяпер намераны працягнуць такую практыку.
Дадам, што крайні тэрмін падаўжэння санкцый заканчваецца 15 верасня, чакаецца, што на наступным тыдні будзе дасягнуты нейкі кампраміс.
Берасцейскія падаткавікі недалічыліся грошай ад прыбіральняў
Падатковая інспекцыя ў Берасцейскай вобласці правяла рэйд па сетцы платных прыбіральняў. У выніку выявіліся факты ўтойвання наяўнай выручкі. Паведамляецца, што кампанія схавала ад падаткаў больш за 150 тысяч рублёў. Таксама падаткавікі заяўляюць, што з гэтай сумы выплачваліся заробкі “ў канвертах”.
Акрамя таго, уладальнік фірмы выступаў пасярэднікам пры страхаванні аўто, якія выязджаюць у краіны Еўразвязу. Пры гэтым страхавая кампанія была зарэгістраваная не ў Беларусі. Згодна з беларускім заканадаўствам такая пасярэдніцкая дзейнасць з’яўляецца незаконнай і забараняецца. Даход ад продажу страхавых полісаў перавысіў 200 тысяч рублёў. Кіраўніка кампаніі і шасцярых касіраў аштрафавалі за парушэнні парадку прыёму грошай гатоўкай. Праводзяцца і іншыя дзеянні.
Трамп за суткі зарабіў на крыптавалюце непрыстойна шмат
У верасні на крыптавалютных біржах стартавалі таргі токена WLFI. Гэта чарговая крыптавалюта ад сям’і Дональда Трампа. І, як піша The Wall Street Journal, токен дапамог Трампу-бізнесоўцу зарабіць больш, чым ён атрымаў за ўсё жыццё ў сферы нерухомасці. Багацце Трампа ўсяго за дзень вырасла больш як на 5 млрд даляраў, што перавышае кошт усёй нерухомасці, якой валодае дзейны прэзідэнт ЗША.
У той жа час галоўным бізнесам Дональда Трампа за ўсю яго кар’еру заставалася нерухомасць. Кампанія Trump Organization валодае культавым хмарачосам Trump Tower у Нью-Ёрку, маёнткам у Мар-а-Лага, люксавымі апартаментамі ў Trump Park Avenue, будынкам гандлёвага цэнтра, які прымыкае да Trump Tower, і маёнткам Seven Springs. Іх сумарны ацэначны кошт на пачатак гэтага года складаў $1,6 млрд, піша Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






