BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Казахстан не задаволены затрымкай грузаў на мяжы Беларусі з ЕЗ

“З 8 студзеня на мяжы Беларусі з краінамі Еўрапейскага звязу знаходзяцца казахстанскія грузы, гэта з’яўляецца перашкодай перавозкам”, – заявіў міністр гандлю і інтэграцыі Казахстана Арман Шакаліеў на брыфінгу ў Астане. Паводле яго, казахстанскі бок абмяркоўвае праблему з беларускімі калегамі і плануе гэтае пытанне афіцыйна накіраваць у камісію ЕАЭС”.

“Гаворыцца, што гэта тэхнічны бар’ер, але гэта бар’ер. Гэтага не павінна быць. Гэта не адпавядае ўмовам інтэграцыі Еўразійскага эканамічнага саюза. Але нашы калегі (беларускі бок) кажуць, што гэта звязана з пытаннямі бяспекі”, — цытуе Шакаліева Kazinform.

“Позірк” прыгадвае, што з 26 лістапада ў пункты перагрузкі і перачэпкі на граніцы з краінамі Еўразвязу могуць уязджаць толькі грузавыя аўтамабілі і цягачы, зарэгістраваныя ў Беларусі і Расеі. Гэта вызначана пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый № 44 ад 21 лістапада мінулага года.

Беларусь мае станоўчае гандлёвае сальда з Расеяй

Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што паводле статыстыкі, Беларусь — адзіная з краін Еўразійскага эканамічнага саюза, якая мае ў гандлі з Расеяй станоўчае сальда. Гэта значыць, больш туды прадае, чым купляе.

“Пяць нашых дзяржаў — Беларусь, Арменія, Расея, Казахстан, Кыргызстан — вельмі актыўна супрацоўнічаюць адна з адной. І пры гэтым толькі Беларусь мае станоўчае гандлёвае сальда з Расейскай Федэрацыяй”, — цытуе Мясніковіча БелТА. Чыноўнік адзначыў, што па выніках 2023 года станоўчае сальда мае скласці больш за два мільярды даляраў. “Іншыя дзяржавы (ЕАЭС), на жаль, гандлююць не так актыўна і маюць пасіўнае сальда ў гандлі з Расеяй”, — дадаў Мясніковіч, перадае “Наша Ніва”.

Першы тыдзень выдачы крэдытаў на беларускія тавары быў паспяховы

“Беларусбанк” падвёў вынікі першага тыдня выдачы крэдытаў на пакупку беларускіх тавараў пад 4% гадавых, якія былі дазволеныя пастановай Савета Міністраў.

Усяго на льготныя крэдыты паступіла больш за 1200 заявак. Банк паспеў апрацаваць 500 з іх і выдаць сродкі на суму 2 мільёны 300 тысяч рублёў. Грошы пайшлі на пакупку прадукцыі прадпрыемстваў: “Керамін”, “Брэстгазапарат”, “Атлант”, “МотаВелаЗавод” і МТЗ. Максімальная дазволеная сума крэдыту складае 12 тысяч рублёў, прыгадвае reform.by.

Як канфіскацыя расейскіх актываў уплывае на сусветныя фінансы?

Міжнародны валютны фонд вывучае наступствы канфіскацыі замарожаных на Захадзе актываў расейскага ўрада для сусветнай эканамічнай сістэмы, піша Office Life. У рамках “Вялікай сямёркі” Злучаныя Штаты ініцыявалі стварэнне некалькіх працоўных груп, якім даручана вывучыць спосабы канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў да 24 лютага 2024 года.

Паводле Еўракамісіі, у агульнай складанасці краіны ЕЗ заблакавалі каля 200 мільярдаў еўра актываў расейскага Цэнтрабанка. Усяго ж за мяжой заблакавана каля 280 мільярдаў еўра, якія належаць расейскай дзяржаве. Паколькі пытанне канфіскацыі гэтых сродкаў становіцца ўсё больш рэальным, МВФ вырашыў таксама ацаніць, як гэта можа паўплываць на стабільнасць сусветных фінансаў, і выявіць магчымыя эканамічныя рызыкі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: pixabay.com.