Сітуацыя з фінансамі Беларускай чыгункі сёння вельмі цяжкая і пагаршаецца практычна кожны дзень, піша Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Асноўныя выдаткі БЧ — гэта аплата працы і сацыяльныя выплаты, бо чыгунка — працаёмкая сфера, якая патрабуе вялікай колькасці спецыялістаў: машыністаў, рамонтнікаў, дыспетчараў і іншых. Каб скараціць выдаткі, кіраўніцтва пачало ўводзіць “непапулярныя меры”. Так, з першага чэрвеня адмененыя надбаўкі да заробку за прафесійнае майстэрства і кваліфікацыйныя катэгорыі для ўсіх работнікаў. Гэта значыць, што многія работнікі, у тым ліку машыністы, дыспетчары і іншыя, страцяць значныя сумы — ад 250 да 500 рублёў і больш. Акрамя гэтага, разглядаюцца іншыя меры скарачэння выдаткаў, напрыклад, скасаванне матэрыяльнай дапамогі да адпачынку і выплат пры выхадзе на пенсію. Праводзяцца таксама аптымізацыі штатаў.
Беларусам могуць забараніць купляць нерухомасць у Фінляндыі
Міністэрства абароны Фінляндыі хоча забараніць грамадзянам Беларусі купляць нерухомасць. Раней парламент Фінляндыі прыняў закон, які дазваляе Мінабароны блакаваць здзелкі з нерухомасцю для асоб, якія з’яўляюцца грамадзянамі дзяржавы, што развязала вайну. Таксама нерухомасць могуць забараніць набываць беларускім арганізацыям. Тое ж самае тычыцца расейскіх грамадзян і арганізацый.
Міністэрства хоча прыняць пастанову, якая забароніць беларусам купляць жыллё ў Фінляндыі, цягам чэрвеня. Заявы на атрыманне дазволаў на здзелкі з нерухомасцю ад грамадзян Расеі і Беларусі, пададзеныя да дня ўступлення рашэння ў сілу, будуць разглядацца ў звычайным парадку, піша “Еўрарадыё”.
Што прапануе Караль Наўроцкі, які выграў прэзідэнцкія выбары ў Польшчы?
На сваёй інтэрнэт-старонцы Караль Наўроцкі прадстаўляе пяць галоўных праграмных напрамкаў сваёй прэзідэнтуры. Гэта “Дабрабыт”, “Нармальная дзяржава”, “Бяспека”, “Развіццё” і “Падатковы кантракт”.
Так, у праграме “Дабрабыт”, Наўроцкі абяцае працаваць над зніжэннем падатку VAT з 23 да 22 працэнтаў, а таксама 0 працэнтаў PIT для сем’яў з двума і больш дзецьмі, другі падатковы парог у 140 тысяч злотых, ліквідацыю падатку “Бэлькі” і простыя падаткі для фірм. Таксама ён абяцае танную электрычнасць. У рамах “Нармальнай дзяржавы” прэзідэнт-элект абяцае, што ў карыстанні сацыяльнымі паслугамі, аховай здароўя і адукацыяй будзе абавязваць прынцып “найперш для палякаў”, а Польшча павінна адмовіцца ад праграмы “Зялёны лад”.
У раздзеле “Развіццё”, сярод іншага, гучыць абяцанне інвеставання ў інфраструктуру ад Цэнтральнага авіяпорта, атамнай станцыі, партоў – да новых дарог і рамонту школ, фінансавання развіцця штучнай інтэлігенцыі, біятэхналогіі, вытворчасці лекаў. Таксама Наўроцкі абяцае абмежаваць “несправядлівыя даходы банкаў на працэнтах ад крэдытаў на жыллё”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: brest.1prof.by






