Урад Кітая прафінансуе праект тэхнічнай дапамогі для Беларусі. Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову адносна праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Павышэнне якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі насельніцтву, якое пражывае на тэрыторыях, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС”.

Праект фінансуецца ўрадам Кітая ў аб’ёме 2 млн даляраў. Адміністрацыйнае кіраванне праектам будзе забяспечана Праграмай развіцця ААН у Беларусі, піша reform.news.
Банкі не маюць права не абслугоўваць беларусаў на падставе грамадзянства
Гэта вынікае з заявы Камісіі па фінансавым наглядзе Польшчы (UKNF) у адказ на ліст намесніка ўпаўнаважанага па грамадзянскіх правах Войцеха Бжазоўскага. UKNF прызнала наяўнасць праблемы і падкрэсліла, што кожнае рашэнне, якое тычыцца кліента, мае грунтавацца на індывідуальным аналізе, адзначае Позірк. Яшчэ летась у снежні названая Камісія разаслала ліст, паводле якога банкі маюць прымаць часовае пасведчанне асобы іншаземца ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу. Аднак, не ўсе банкі так робяць, таму камісія прапанавала ім змяніць унутраныя правілы.
На кастрычнік 2025 года ў польскай дзяржаве было легалізавана сама меней 146 тысяч грамадзян Беларусі. Гэтыя звесткі не ўлічваюць беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне на падставе віз, знаходзяцца ў чаканні дазволу на жыхарства або рашэння пра наданне міжнароднай абароны.
У Літве і Польшчы адчувальна падаражэла паліва
Вайна ў Іране выклікала нафтавы крызіс, цэны на паліва ў краінах Еўразвязу узляцелі. Асабліва прыкметна падаражэла дызельнае паліва.
Дызель у Літве каштуе ўжо па 2 еўра за літр (каля 6,72 рубля). У Беларусі — 2,6 рубля, ці каля 80 еўрацэнтаў па цяперашнім курсе. Такім чынам, розніца на адным літры складае 1,2 еўра. Бензін у Літве каштуе каля 1,7 еўра за літр. У Польшчы паліва каштуе крыху танней, чым у Літве. Да прыкладу, літр дызельнага паліва пад 8 злотых (каля 1,85 еўра). То-бок розніца з Беларуссю атрымліваецца каля 1—1,05 еўра на літры. Многія жыхары Літвы і Польшчы апошнім часам актыўна ездзяць у Беларусь на запраўкі, піша “Наша Ніва”.
Венгрыя хоча зніжэння пошлін на беларускія і расейскія ўгнаенні
Венгрыя заклікае Еўразвяз адмяніць тарыфы на расейскія і беларускія ўгнаенні. Будапешт заяўляе, што вайна ў Іране пагражае павышэннем сусветных цэн на прадукты харчавання, і таму фермерам патрэбныя больш танныя ўгнаенні. Венгрыя сама вырабляе толькі азотныя ўгнаенні і таму залежыць ад замежных паставак фосфару і калію, піша “Еўрарадыё”.
Еўразвяз павялічыў пошліны на ўгнаенні з Расеі і Беларусі ў 2025 годзе. Летась расейскія пастаўкі ў ЕЗ усё яшчэ складалі каля 2 млрд еўра. Але аб’ёмы рэзка ўпалі на пачатку гэтага года.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: асабісты архіў Марыі Булавінскай.






