Беларуская чыгунка павінна была атрымаць 15 новых грузавых электравозаў БКГ2 з Кітая паводле падпісанага кантракту яшчэ ў канцы 2023 года. Аднак пастаўкі адмененыя, а новы іх тэрмін — 2025-2026 гады.

Як стала вядома “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, прычына пераносу паставак — боязь кітайцаў трапіць пад санкцыі ЗША і Еўразвязу. Справа ў тым, што амаль усё высокатэхналагічнае абсталяванне кітайскага электравоза БКГ2 з’яўляецца імпартным. У лакаматыве ёсць шведскія трансфарматары, канадскія электрарухавікі, французскія размеркавальныя прыстасаванні, нямецкае тармазное абсталяванне. Калі ўсё гэта забароняць пастаўляць у Кітай — там стане ўся вытворчасць.
У цяперашні момант кітайцы разглядаюць два варыянты далейшых дзеянняў. Першы — замяніць усе падсанкцыйныя камплектуючыя кітайскімі. А другі варыянт — імпартазамяшчэнне на паперы. Гэта значыць схаваць у дакументах выкарыстанне імпартных камплектуючых. Абодва варыянты рызыкоўныя і складаныя.
Чаму польскі банк Santander абмежаваў беларусам рахункі?
Польскі банк Santander, які пачаў абмяжоўваць беларусам рахункі, робіць гэта не ў вынікі патрабавання ўладаў Польшчы ці дзеяння нейкіх санкцый. Пра гэта прадстаўнікі польскіх уладаў паведамілі намесніку кіраўніцы АПК Паўлу Латушку:
– З ліста ад Камісіі фінансавага нагляду Польшчы вынікае, што дзеянні банка не з’яўляюцца патрабаваннем польскіх уладаў ці еўрапейскімі санкцыямі. Рашэнні аб дадатковых патрабаваннях з боку банка да кліентаў былі прынятыя выключна самім банкам. Як растлумачылі ў Камісіі, такія рашэнні залежаць ад шматлікіх фактараў, заснаваных на прынцыпах кіравання рызыкамі.
Беларускія кліенты могуць паскардзіцца на гэтыя дзеянні і ў сам банк, і фінансаваму абмудсмену, а таксама няўрадавым арганізацыям. (euroradio.fm)
Грэцыя ўвяла шасцідзённы працоўны тыдзень
З 1 ліпеня ў Грэцыі пачне дзейнічаць шасцідзённы працоўны тыдзень. Новы закон закліканы вырашыць праблему дэфіцыту працоўных рук на рынку працы ў гэтай краіне Еўразвязу. Згодна з законам, работнікі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, а таксама рознічнага гандлю і некаторых паслуг не змогуць адмовіцца ад працы шэсць дзён на тыдзень па рашэнні наймальніка. За шосты дзень выплачваецца кампенсацыя ў памеры плюс 40 працэнтаў ад дзённага заробку.
Аднак не ўсе з гэтым згодны. Кажа прафесар працоўнага права ў Салоніках Арыс Казакас:
– Паколькі працадаўца можа дыктаваць выгадныя яму ўмовы працы, гэта аўтаматычна вядзе да таго, што працоўныя адносіны пераводзяцца ў рэжым несправядлівасці, бо тое, што выгадна толькі аднаму баку ў працоўных адносінах, ніколі не можа быць справядлівым, кажа юрыст.
Юрыст перасцерагае ад абсалютнай улады наймальніка. (polskieradio.pl)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: www.dialog.ua






