BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кліенты банка Santander атрымаюць кампенсацыю

На выходных злодзеі знялі сродкі з рахункаў кліентаў банка Santander, у прыватнасці жыхароў Вялікапольскага і Куяўска-Паморскага ваяводстваў.

Фота ілюстрацыйнае: stock.adobe.com/MOZCO Mat Szymański
Фота ілюстрацыйнае: stock.adobe.com/MOZCO Mat Szymański

Паліцыя ў Познані атрымала 80 паведамленняў аб такіх выпадках ад кліентаў банка, а ў Быдгашчы – 50. Прэс-сакратар Асацыяцыі Польскіх банкаў Пшэмыслаў Барбіх заявіў, што спосабам абароны ад такога тыпу махлярства з’яўляецца ўсталяванне лімітаў па банкаўскіх плацежных картках: напрыклад, ліміт 50 або 100 злотых.

Чакаецца, што абакрадзеныя кліенты аператыўна атрымаюць кампенсацыю. Паводле паліцыі, махляры атрымалі дадзеныя з банкаўскіх картак і PIN-коды, а пазней знялі з рахункаў сродкі. (паводле Польскага радыё)

У Гародні распрадаюць маёмасць бізнесоўца, які трапіў пад рэпрэсіі

У Гародні распрадаюць маёмасць бізнесоўца, які трапіў пад рэпрэсіі. Гэта 25 лотаў запчастак розных брэндаў з крамы “АўтаЗапчасткі”, якой валодаў Віктар Рукша. Гісторыя пачалася больш за пяць гадоў таму. У краму да Рукшы падчас пратэстаў уварваліся сілавікі і затрымалі ў тым ліку яго супрацоўнікаў. Прадпрымальнік паскардзіўся на гэтыя дзеянні — і тады ўлады абвясцілі яму вайну.

Рукшу абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў. Бізнесоўца пасадзілі, а яго справу знішчылі. Ён выйшаў з-за кратаў у сярэдзіне 2024 года, а яго маёмасць дагэтуль распрадаюць з малатка, піша Hrodna.Life.

У Беларусі стане менш прафесій для іншаземцаў

З 1 студзеня 2026 года зменяць пералік прафесій, на якія прыцягваюцца іншаземцы або асобы без грамадзянства, якія не маюць дазволу на пастаяннае пражыванне ў Беларусі, па спрошчанай схеме. Цяпер гэты пералік уключае 41 прафесію рабочых і 18 пасад служачых.

Што да пасад служачых, іх пералік не змяніўся. Па-ранейшаму ў яго ўваходзяць аграномы, заатэхнікі, медсёстры, інжынеры і іншыя. У той жа час спіс прафесій працоўных прыкметна скараціўся: замест 41 пазіцыі ў ім стала 29. Так, з пераліку прыбралі апаратчыкаў, шэраг спецыяльнасцяў, звязаных з апрацоўкай скуры, фрэзероўшчыкаў. Пры гэтым у ім засталіся вадзіцелі аўтамабіля, бетоншчыкі, прадаўцы, санітаркі і іншыя працоўныя спецыяльнасці. Дадалі ў спіс і агароднікаў.

«Лукойл» збіраецца прадаць свае замежныя актывы

Рашэнне прадаць замежныя актывы «Лукойл» прыняў праз нядаўна ўведзеныя супраць яго і яго даччыных кампаній амерыканскія санкцыі. «Продаж актываў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з ліцэнзіяй OFAC на згортванне дзейнасці. Пры неабходнасці кампанія плануе падаць заяўку на падаўжэнне ліцэнзіі для забеспячэння бесперабойнай працы сваіх замежных актываў», — гаворыцца ў паведамленні.

22 кастрычніка ЗША ўвялі санкцыі супраць расейскіх нафтавых кампаній – «Лукойла» і «Раснафты». Пасля гэтага, паводле звестак Reuters, Кітай прыпыніў закупкі расейскай нафты.

Беларускае Радыё Рацыя