Магчымасці для росту беларускай эканомікі вычэрпваюцца, у канцы года пачала разганяцца інфляцыя. Даследчыцкі цэнтр BEROC прадставіў экспрэс-аналіз вынікаў працы беларускай эканомікі паводле 11 месяцаў бягучага года. Эксперты кажуць, што кіраўніцтва Беларусі робіць шэраг адміністрацыйных крокаў, якія рэгулююць працэсы ў эканоміцы. Гэта стрымлівае інфляцыю, рост цэн, але прывяло да разбалансаванасці. І ўрэшце, магчымасці для росту эканомікі вычэрпваюцца. Пры тым што рост ВУП Беларусі па выніках 2023 года складзе каля 4 працэнтаў, але ў наступным годзе ён, хутчэй за ўсё, не пакажа такія вынікі.
Ключавая перашкода да росту эканомікі Беларусі цяпер – дэфіцыт работнікаў. Далейшы ўстойлівы рост можа забяспечыць павышэнне прадукцыйнасці працы, але гэта завязана на тэхналогіі, што не можа быць імгненным працэсам.
Цана падпіскі на прапагандысцкія выданні за год істотна вырасла
Найбольш тыражныя дзяржаўныя прапагандысцкія газеты падаражэлі на 4–7% за паўгода і на 14–18% за апошні год пры агульным росце спажывецкіх цэн на 5,4%, сведчыць праведзенае “Позіркам” параўнанне цэн у падпісных каталогах.
Некалькі прыкладаў. Так, цана паўгадавога камплекту газеты “СБ. Беларусь сегодня” павялічылася на 5,3%: была 102,60 рублі, а стала 108 рублёў. Цана на “Народную газету” вырасла на 6,4%: была крыху больш за 78 рублёў, цяпер – больш за 83 рублі. Цана падпіскі на расейскія выданні змянілася па-рознаму. На ўкраінскія выданні падпіска не праводзіцца ўжо два гады, на іншыя замежныя СМІ падпіскі ў Беларусі няма шмат гадоў.
Топ-менеджарам БелАЗа і МТЗ прысудзілі па 11 гадоў зняволення
Кіраўнікоў абвінавацілі ў атрыманні хабару ў буйным памеры, у тым ліку групай асоб па папярэдняй змове.
Намесніка гендырэктара БелАЗа Алега Сцепука прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса, яму далі 11 гадоў калоніі з пазбаўленнем права займаць кіраўнічыя пасады на 5 гадоў. На той жа тэрмін па тым жа артыкуле асуджаны намеснік гендырэктара МТЗ Сяргей Сіроценка. Яго таксама аштрафавалі на 2500 базавых велічынь і пазбавілі права займаць пасады на 5 гадоў. Іншым службовым асобам прысудзілі ад 7 да 12 гадоў калоніі са штрафам ад 1000 да 2000 базавых велічынь з пазбаўленнем права займаць пасады на тэрмін 5 гадоў. Маёмасць абвінавачаных пакінута пад арыштам.
Беларуская чыгунка прапанавала вялікія скідкі на паездкі ў Расею
Беларуская чыгунка прапанавала пасажырам навагоднія скідкі да 42% на асобныя цягнікі ў Расею і назад. Скідкі распаўсюджваюцца на некаторыя цягнікі, якія ідуць з Менска, Гомеля, Полацка і Берасця ў Маскву і Санкт-Пецярбург, а таксама ў зваротным кірунку.
Скідку атрымаюць пасажыры, якія набудуць квіткі не пазней, чым за тры гадзіны да адпраўлення цягніка, у купэйны або спальны вагон. Але ёсць адзін нюанс. Калі загрузка вагонаў дасягне ўзроўню 45%, то згаданыя скідкі дзейнічаць ужо не будуць.
Беларускае Радыё Рацыя