Беларускія трактары паедуць у Зімбабвэ. Якія рызыкі гэтага працэсу? Напярэдадні на Менскі трактарны завод прыязджала дэлегацыя з Зімбабвэ. І некаторыя яе ўдзельнікі нават паспрабавалі пакіраваць беларускім трактарам. Так шукаюць новыя рынкі – кажа блогер і бізнесоўца Аляксандр Кныровіч. Таксама памятаем пра рызыкі закрытай мяжы. А тут ужо ўваходзяць пытанні з Польшчай і Кітаем, якія могуць ціснуць у справе вызвалення палітвязняў.

Эканамічная ацэнка – ад Аляксандра Кныровіча:
-Можам распавядаць пра нейкі такі патэнцыйна-негатыўны ўплыў. Бо калі мы лічым, колькі Беларусь зарабляла на гэтым транзіце, то ў нас няма лічбы асобнай – Кітай. У нас ёсць агульная лічба – прыблізна каля 3 мільярдаў даляраў. Гэта цалкам наш транзіт. І калі будзе зачынена мяжа, яна ж не будзе зачынена менавіта і выключна для Кітая. Яна будзе зачынена ў тым ліку і для тавараў з Казахстана, Расеі і Узбекістана, якія ідуць праз беларускую мяжу. Таму гэтая лічба – прыкладна 3,2 млрд. даляраў па мінулым годзе. І гэта вельмі балюча было б для беларускага бюджэту. Таму такі складнік ёсць. Але ўсё ж такі сувязь такая вельмі і вельмі не наўпроставая для мяне. Але магчыма я памыляюся. Ніхто не ведае дакладна, што адбываецца.
РР: Больш палітыка, не эканоміка ў гэтым працэсе?
Аляксандр Кныровіч: Я бачу ў гэтым такую гульню, гульню на будучыню. І гульню з Захадам. Можа быць гэта гульня яшчэ трохі з Кітаем. Ну і не болей за тое. Ніякіх іншых уплываў я там не бачу.
РР: Гэта звязана з такой цяжкай эканамічнай сітуацыяй, што тыя трактары ажно ў Зімбабвэ дастаўляюць? Гэта не вельмі надзейны партнёр. Ці Вы іначай глядзіце на гэтую сітуацыю і ніякага крызісу беларускай эканомікі тут не трэба шукаць?
Аляксандр Кныровіч: Было горш, было лепей. Калісьці ў СССР мы выраблялі амаль 70 тысяч трактароў. У мінулым годзе мы выраблялі трохі меней за 40 тысяч. А калісьці было і 25 тысяч. Таму зараз сярэднія часы для Менскага трактарнага завода. І няма такога становішча, што трэба ўжо ў Зімбабвэ без аплаты аддаваць трактары. Хаця Лукашэнка не так даўно крычаў на сваіх падначаленых, што 14% падзення ў Расеі было. Таму ваша прапанова магла б мець рацыю, але лічбы ўсё ж такі яе не пацвярджаюць. Але паглядзім, што будзе далей. Магчыма, гэта такі кантракт на 5 гадоў і магчыма ён спыніцца на першых 2 – 3 пастаўках, калі Зімбабвэ не будзе плаціць за іх. А мне ўсё ж такі падаецца, што плаціць яны і не збіраюцца.
Але сёння планы такія: адправіць у бліжэйшыя некалькі гадоў у Зімбабвэ больш за 3500 трактароў. На прадпрыемстве спасылаюцца на мемарандум, які быў падпісаны летась Аляксандрам Лукашэнкам падчас візіту ў афрыканскую краіну.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






